iPhone выдавачкі «Медузы» Цімчанкі заразілі шпіёнскай праграмай
5- 13.09.2023, 20:04
- 7,122

На смартфоне знайшлі праграму Pegasus.
Айфон заснавальніцы анлайн-выдання «Медуза» Галіны Цімчанкі быў заражаны шпіёнскай праграмай Pegasus, паведамляюць некамерцыйная арганізацыя Access Now і само выданне ў сераду, 13 верасня.
Удакладняецца, што пра праслухоўванне спецыялісты тэхаддзела «Медузы» даведаліся ў чэрвені. Як мяркуецца, заражэнне айфона адбылося перад візітам Цімчанкі ў Берлін у сярэдзіне лютага 2023 года.
Праграма Pegasus, распрацаваная кампаніяй NSO, якую заснавалі выхадцы з ізраільскіх спецслужбаў, дае хакеру доступ да гуку, камеры і памяці смартфона. «Такім чынам, невядомыя маглі атрымаць доступ да поўнага змесціва тэлефона, у тым ліку хатняй адрэсы, раскладу сустрэчаў, фатаграфій і нават ліставання ў зашыфраваных мэсэнджарах: Pegasus дазваляе чытаць паведамленні проста з экрана, пакуль яны пішуцца, – ці проста выпампаваць кожнае паведамленне, малюнак або электронны ліст», – канстатуюць у «Медузе».
У «Медузе» паказваюць, што заражэнне тэлефона Цімчанкі адбылося непасрэдна перад канфідэнцыйнай сустрэчай прадстаўнікоў расейскіх незалежных СМІ, якая адбылася ў Берліне 11 лютага. За два тыдні да гэтага «Медузу» ў Расеі абвесцілі «непажаданай арганізацыяй». Аднак сведчанняў таго, што Масква валодае доступам да ізраільскай шпіёнскай праграмы, няма, паведаміў журналістам старэйшы навуковы супрацоўнік кампаніі Citizen Lab Джон Скот-Рэйлтан.
Адзначаецца, што распрацоўнік NSO прадае праграму Pegasus выключна дзяржаўным кліентам. Праграмай карыстаюцца пераважна спецслужбы. У 2021 годзе кампанія публічна абвясціла, што Расея хацела набыць праграму, аднак ёй адмовілі.