У Тэатры імя Янкі Купалы з беларускага рэпертуару засталася адна «Паўлінка»
16- 10.09.2023, 19:11
- 4,880

Большасць спектакляў у верасні пройдзе на расейскай мове.
104-ы сезон Купалаўскага тэатра, які ў 2020 годзе пакінула большасць актораў, а кіраўніком пастаўленая акторка другога плана Вольга Няфёдава, пачаўся 29 жніўня спектаклем "Паўлінка" Янкі Купалы, у верасні яго пакажуць яшчэ адзін раз. Гэта адзіная пастаноўка паводле твораў беларускіх аўтараў, якая плануецца ў гэтым месяцы, піша «Наша Нiва».
Па адным разе пакажуць беларускамоўныя спектаклі твораў замежных аўтараў, такія як “Апошні атракцыён” Д. Ліндсі-Эбера, “Рамэа і Джульета” У. Шэкспіра, Donna sola (Самотная жанчына) Д. Фо і Ф. Роме, “Чакана гучна і ды болю блізка» М. Паніча, а таксама паводле твораў расейскіх пісьменнікаў — “Гарачае сэрца” А. Астроўскага, “Жаніцьба” М. Гогаля.
Увесь астатні час у сценах Нацыянальнага тэатра будзе панаваць расейская мова. З гастролямі ў Менск запрошаны Казанскі акадэмічны расейскі Вялікі драматычны тэатр імя У.І.Качалава, які адкрые тут свой 233 сезон.
«Перамовы вяліся цягам года. Артысты з Казані пакажуць свой выдатны класічны рэпертуар, у які ўваходзяць «Рэвізор», «Вар'яцкі дзень, ці Жаніцьба Фігара», «Пікавая дама» і іншыя пастаноўкі», - паведамляе Няфёдава.