Беларуска расказала пра сустрэчу з Тота Кутуньё ў Менску
1- 23.08.2023, 21:38
- 4,802

Легендарны італьянскі спявак выступаў з беларускімі артыстамі.
Чытачка «КП» з Менска Раіса расказала пра нечаканы пацалунак Тота Кутуньё, знакамітага італьянскага спевака і кампазітара, які памёр 22 жніўня 2023-га. Дарэчы, сярод іншага ён выступаў і з беларускімі артыстамі – Анатолем Ярмоленкам з ансамбля "Сябры" і "Беларускімі песнярамі".
Вось якімі ўспамінамі падзялілася беларуска, якая змагла прарвацца за кулісы і нават займець пацалунак Тота – un italiano vero:
– Побач з кумірам майго юнацтва Тота Кутуньё я апынулася падчас ягоных гастроляў у Менску ў 2016-м.
Мае сябры ўдзельнічалі ў арганізацыі прэс-канферэнцыі, таму я спакойна апынулася за кулісамі. Рыхтавалася загадзя – раздрукавала на каляровым прынтары фатаграфію спевака, вывучыла некалькі радкоў ягонай самай знакамітай песні L`Italiano і прывітанне на італьянскай. Хацела абняць яго і расцалаваць. А ўбачыла – разгубілася. Ён выглядаў стомленым. І хоць усміхаўся ў камеру, калі нехта падыходзіў да яго фатаграфавацца, падумала, што не буду напружваць яго лішні раз. І проста падсунула лісток з фатаграфіяй. "Your name?" – спытаў Тота, гледзячы мне ў вочы. Я пралепятала – і атрымала свой пацалунак (па-італьянску "basio") ад Кутуньё. Няхай і на паперы.

Набраўшыся нахабства, папрасіла яшчэ адзін аўтограф – для сяброўкі. На іншым аркушы. Спявак стомлена ўздыхнуў і напісаў яе імя. Я потым не раз гэта ўспамінала, назіраючы за паводзінамі розных зорак значна меншай велічыні, чым Кутуньё, якія шарахаліся ад прыхільнікаў як ад чумы.
А аркуш з пацалункам ад Тота Кутуньё я думала, што згубіла. І ў дзень, калі пачула пра ягоную смерць, наўздагад узяла адну з тэчак на кніжнай паліцы. І першае, што ўбачыла – менавіта гэтую фатаграфію са словам Basio пад маім імем і аўтографам вялікага артыста і кампазітара.
Charter97.org склаў топ галоўных хітоў італьянскага спевака.