Аляксандр Мусіенка пра беларускія гелікаптэры ў Польшчы: Гэты толькі частка плана
30- 2.08.2023, 21:45
- 36,984

Чаго дабіваюцца Пуцін і Лукашэнка?
Два вайсковыя верталёты Беларусі (Мі-8 і Мі-24) учора, 1 жніўня, парушылі дзяржаўную мяжу Польшчы.
Выпадковасць ці правакацыя? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вайсковым экспертам, кіраўніком Цэнтра вайскова-прававых даследаванняў Аляксандрам Мусіенкам.
- Я гэта ўсё ўкладваю ў адзіную логіку таго, што адбываецца. Усё пачалося з перабазавання «вагнераўцаў» на тэрыторыю Беларусі, гэты працэс яшчэ не скончаны.
Пазней Пуцін заявіў аб тым, што яму не падабаюцца сучасныя межы Польшчы. Што такімі іх прыдумаў Сталін. Дарэчы, гэтае выказванне вельмі нагадвае тэзісы, якія ён выкарыстоўваў да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Толькі тады ён казаў, што «Украіну прыдумаў Ленін, яе не існуе». Тут жа ён успомніў Сталіна. Рыторыка падобная.
Потым была сустрэча Пуціна з Лукашэнкам, дзе беларускі дыктатар, як ён потым выказаўся, нібыта пажартаваў пра «экскурсію» ў Жэшаў і Варшаву «вагнераўцаў».
Наступныя крокі – вучэнні «вагнераўцаў» і беларускіх войскаў пад Берасцем і Гародняй. На палігонах, якія фактычна мяжуюць з тэрыторыяй Польшчы. Тут трэба адзначыць і сітуацыю з мігрантамі, якіх пачынаюць выкарыстоўваць для правакацый. І вось цяпер гелікаптэры. Гэта сістэматычныя, абсалютна спланаваныя дзеянні.
- Як далёка ў сваіх правакацыях можа зайсці Лукашэнка?
- Мне здаецца, у іх ёсць пэўны план, які на адным этапе прадугледжвае расхістванне сітуацыі, правакацыі на мяжы Беларусі і Польшчы. Тым самым Пуцін правярае рэакцыю Польшчы і NATO, як яны будуць дзейнічаць.
Тут я бачу два сцэнары. Першы: яны будуць засылаць «вагнераўцаў» пад выглядам нелегальных мігрантаў. Мэты ў іх могуць быць розныя, напрыклад - вывучэнне нейкіх аб'ектаў у Польшчы з мэтай далейшых правакацый.
Другі сцэнар: заход узброеных дыверсійных груп «вагнераўцаў» пад чорнымі сцягамі, а не Расеі ці Беларусі, як быццам яны самі па сабе. З мэтай уступлення ў бой з польскімі падраздзяленнямі альбо з мэтай правядзення дыверсій.
Характар дзейнасці гэтых груп такі, што яны пранікаюць, а потым вяртаюцца назад у Беларусь.
Гэта ўсё - праверка рэакцыі, як будзе дзейнічаць NATO, рэагаваць, якія зробяць заявы і крокі. Як далёка гатовы Альянс, ці будзе ён адзіны ў меркаванні, што гэта атака Расіі і Беларусі на суверэнную дзяржаву. Альбо нехта скажа, што гэта атака нейкай «тэрарыстычнай групы», а гаворка не ідзе пра атаку дзяржаваў. Маўляў, давайце з імі змагацца, як з тэрарыстамі.
Гэта ўсё наступства таго, што Пуцін якраз пашырае лінію фронту, паколькі ён не можа дамагчыся зараз ваенным шляхам перамогі ва Украіне. Ён выкарыстоўвае розныя метады, у тым ліку і так званыя гібрыдныя.
Ведаеце, шмат хто ацэньвае дзеянні Крамля выключна з рацыянальнага пункту гледжання. І гэта памылка. Тамака не заўсёды дзейнічаюць рацыянальна і абдумана.
На мой погляд, канчатковая мэта гэтага ўсяго, каб ЗША і NATO пагадзіліся на нейкія перамовы з Расеяй. У тым ліку - схіляючы Украіну да саступак.
Скажам так, яны ж разумеюць, што ў NATO могуць быць розныя ацэнкі гэтай сітуацыі. Вось яны і хочуць шантажаваць ЗША, Брусэль тым, што, маўляў, вы можаце быць не адзіныя, дык навошта вам цяпер дэманстраваць адсутнасць адзінства NATO, давайце неяк дамовімся.
- На днях лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейскія Беларусь» Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю нагадаў, што яшчэ ў 2009-м годзе на тэрыторыі Беларусі прайшлі самыя маштабныя пасля распаду СССР манеўры «Захад-2009». Ужо тады адпрацоўваўся ядзерны ўдар па Варшаве, танкавы прарыў праз Сувалкскі калідор і адсячэнне краін Балтыі ад Еўропы.
Усе гэтыя сцэнары рыхтуюцца ўжо даўно. Якім можа быць адказ Польшчы на фоне апошніх падзеяў?
- Сапраўды, у 2009-м годзе праходзілі такія вучэнні. Тады разглядалася магчымасць нанясення тактычнага ядзернага ўдару. Потым быў яшчэ і падобны «Захад-2017». Усе гэтыя планы ёсць.
Ведаеце, я і ва Украіне назіраю дыскусіі, што, маўляў, гэта ўсё несур'ёзна. Расея на гэта не пойдзе, навошта гэта патрэбна Лукашэнку.
Адразу скажу, што, па-першае, Лукашэнка - не самастойная фігура. У яго няма выбару. Па-другое, я шмат такога чуў і напярэдадні расейскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Што, маўляў, не, Расея не пойдзе, войскаў мала, навошта ім гэта патрэбна. А санкцыі, а рэакцыя сусветнай супольнасці?
Таму пагроза ёсць. Зразумела, што 5-7 тысяч «вагнераўцаў» – не пагроза для польскага войска. Проста характар іх выкарыстання розны. Тут гаворка не ідзе, што ім будзе ставіцца задача зайсці і, напрыклад, акупаваць Варшаву. Не.
Ім будзе ставіцца задача зайсці, правесці дыверсію на нейкім аб'екце, пайсці назад у Беларусь. Але гэта таксама нейкія выклікі для Польшчы і NATO.
Вось зойдзе, напрыклад, у Польшчу група 100-200 чалавек. Уступяць у нейкае баявое сутыкненне і адступяць назад на тэрыторыю Беларусі. Польшча звернецца ў NATO і скажа: «Артыкул нумар 5. Мы ведаем, што вось яны цяпер сядзяць у Беларусі. Давайце зойдзем і адтуль іх выб'ем або нанясем удар, знішчым».
Як тады будзе дзейнічаць NATO? Прагаласуе кансэнсусам, што давайце ўдарым па базе «вагнераўцаў» у Беларусі? А што на гэта Расея? Вось Пуцін і правярае цяпер рэакцыю. Карыстаецца сітуацыяй.
Цяпер як ніколі ідзе гаворка аб гібрыднасці правядзення гэтых аперацый. Правільна б'юць трывогу тыя, хто гаворыць, што нельга дапусціць рэалізацыі гэтых сцэнараў.