Магілёўская бібліятэка набывае для дзяцей кнігі толькі расейскіх выдавецтваў
6- 14.08.2023, 17:47
- 6,068

Лукашысты вядуць прапаганду «расейскага свету» сярод дзяцей.
Магілёўская абласная бібліятэка набывае для дзяцей кнігі толькі расейскіх выдавецтваў, заўважыў сайт «Штодзень».
Электронны аўкцыён абвешчаны праз сайт дзяржзакупаў. На набыццё літаратуры плануецца выдаткаваць 50 тысячаў рублёў (блізу 15 720 даляраў) з абласнога бюджэту. Выдавецтвы пры гэтым – спрэс расейскія: «Настя и Никита», «Миф», «Розовый жираф», «КомпасГид», «Росмэн», «Махаон2» (гэта выдавецтва зарэгістравана ў Беларусі, але належыць расейскай выдавецкай групе «Азбука-Аттикус»), «Самокат», «Эксмо», «АСТ».
Сярод выданняў, якія набываюць для беларускіх дзяцей, «ВДНГ. Галоўная выстава краіны», «Бульварнае кола», «Крэмль – сэрца Масквы», «Пра што маўчаць вежы Крамля?», «Маскоўскія гмахі», «Незвычайныя дамы Масквы», «Ветразі Расеі», «Паркі Масквы», «Расейская хата», «Як жылі на Русі», «Як Пушкін расейскую мову змяніў», «Вялікія перамогі генерала Ушакова», «Іркуцк. Горад сам сабе» і г.д.
Між тым у Беларусі налічваецца 566 выдавецтваў – столькі іх уключана ў рэестр выдаўцоў на сайце Мінінфармацыі. Чаму ж магілёўскія бібліятэкары набываюць кнігі з Расеі?
Такім чынам за грошы беларускага бюджэту падтрымліваюцца расейскія выдавецтвы. Да таго ж ідзе і прапаганда «расейскага свету» сярод дзяцей.