Аляксандра Герасіменя: Мой першы прададзены медаль пайшоў на падтрымку спартоўцаў
6- 29.07.2023, 21:02
- 7,276
Зорка беларускага спорту расказала пра сілу салідарнасці.
Шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы ў плаванні, уладальніца трох алімпійскіх медалёў Аляксандра Герасіменя ў інтэрв'ю сайту Charter97.org распавяла пра беларускую салідарнасць, сапраўдных герояў і як зоркі спорту могуць дапамагчы палітвязням.
- Для мяне слова "салідарнасць" абазначае людзей, якія аб'яднаны агульнай мэтай, задачай. Калі нават людзі, умоўна кажучы, розных канфесій і прафесій аб'ядноўваюцца пад нейкую ідэйную задачу для дасягнення выніку.
- Вы праводзілі заняткі для дзяцей-уцекачоў у Варшаве. Наколькі важна вядомым людзям браць на сябе ініцыятыву ў справе дапамогі уцекачам, палітвязням?
- Я заўсёды кажу з боку спартоўцаў, бо прадстаўляю менавіта спартовую галіну. Думаю, што задача спартоўца, асабліва высокага класа, які выступае на міжнародных турнірах, не проста здабываць медалі.
Задача спартоўца быць прыкладам. Як сказана ў Алімпійскай хартыі, ты павінен быць мацнейшы, вышэйшы, хутчэйшы і паказваць прыклад правільнай, сумленнай барацьбы. Быць прыкладам для дзяцей.
Яшчэ адна з галоўных задач спартоўца - быць чалавекам. Адпаведна, калі ты выступаеш і паказваеш максімальны вынік, то адказнасць на табе яшчэ большая, чым на спартоўцы ніжэйшага класа.
Кожны, выходзячы на высокі ўзровень, бярэ адказнасць за свой від спорту. Ён якраз такі і павінен паказаць прыклад той мужнасці, сумленнасці, справядлівасці. Усяго таго, чаго ў нас у свеце трошкі не стае.
Такія мерапрыемствы, як заняткі з дзецьмі-уцекачамі, падтрымка адзін аднаго, паказваюць проста чалавечыя якасці. Гэта і ёсць адна з задач спартоўцаў, якія выходзяць на пастамент.
У маім выпадку такія праекты вельмі важныя для майго развіцьця, матывацыі, працы, таму што я заўсёды бачу вынік. Бо калі ты працуеш з любоўю, з павагай да тых дзяцей і дарослых, якія да цябе прыходзяць, то адразу бачыш вынік. Такія праекты вельмі патрэбныя і сацыяльная падтрымка - гэта тое, чаго не стае ў нашым беларускім грамадстве, у нас вельмі неразвітая менавіта сацыяльная дапамога.
- Вы прадалі некалькі сваіх медалёў. Можаце пра гэта расказаць?
- Адразу адзначу, што вельмі шмат спартоўцаў праявілі ў 2020-ым годзе. Многія выставілі свае лоты на продаж для таго, каб дапамагчы іншым спартоўцам, якія апынуліся ў складаным становішчы.
Кожны вылучыў нейкую важную для сябе памятную рэч: медаль, гарнітур, футболку, у якой ён выступаў. Я не была выключэннем. Разумела, што медаль - усяго толькі сімвал.
Фізічна, пазбаўляючыся медаля, я не пазбаўляюся той перамогі, якая ў мяне была. Яна застаецца са мной, эмоцыі застаюцца са мной. Таму мне было дастаткова лёгка расставацца з медалём. Удакладню, што я прадала фізічны медаль з чэмпіянату свету, які быў адным з першых маіх залатых медалёў.
Алімпійскія медалі былі віртуальнымі. Іх прадалі на NFT-аўкцыёне. Мы тады надуммалі неяк пайсці ў нагу з часам і прадаць правы на выяву гэтых медалёў. Фізічна ж медалі засталіся ў мяне. Ізноў жа, праўда нават не ў тым, што мне было шкада прадаць гэтыя медалі, не. Проста мы пайшлі новым шляхам, паспрабавалі зрабіць інакш.
- На што пайшлі, калі можна спытаць, атрыманыя сродкі?
- Глядзіце, канкрэтна медаль, якая была прададзеная на NFT-аўкцыёне, пайшла на кампенсацыю выдаткаў суда з ФІФА, калі мы спрабавалі з імі змагацца. Наша спроба каштавала таго. Дарэчы, вельмі многія тады хацелі пазмагацца. Вельмі шмат было данатаў канкрэтна на суд (Беларускі Фонд спартовай салідарнасці падаў пазоў 9 беларускіх заяўнікаў супраць Беларускай федэрацыі футбола і УЕФА ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане - заўв.).
– Добры прыклад праявы салідарнасці.
- Так, людзі рэальна хацелі справядлівасці. Жаданне справядлівасці - аб'ядноўвае людзей. Першы медаль, які я прадала фізічна, пайшоў на падтрымку спартоўцаў. На той момант гэта былі самыя першыя лоты. Мы шмат арганізоўвалі і збораў, і стыпендыі яшчэ тады плацілі спартоўцам.
- З якімі праблемамі сутыкаюцца рэпрэсаваныя спартоўцы, якія выязджаюць з Беларусі?
- Самая вялікая праблема, што спартоўцы - гэта не мэнэджары і не нейкія іншыя спецыялісты, якія скончылі тут і перайшлі ў іншы будынак працаваць. Яны не могуць прадоўжаць сваю спартыўную кар'еру. Усё, іх спартовая кар'ера скончаная.
Бо спартовец павінен належаць да якой-небудзь федэрацыі сваёй краіны. Для таго, каб змяніць грамадзянства, часам неабходна па 2-3 гады. Гэта яшчэ пры згодзе федэрацыі той краіны, у якой яны знаходзяцца. Без згоды гэта можа расцягнуцца. Мы разумеем, што шмат якія спартоўцы не маюць такога ліміту часу для таго, каб выступаць. Адпаведна, яны проста заканчваюць са спортам.
З іншага бако, не кожная краіна захоча ўзяць спартоўца дастаткова невысокага ўзроўню. Для большасці спартоўцаў шлях закрыты.
Таму яшчэ раз хачу падкрэсліць, у чым была гераічнасць спартоўцаў, якія выступілі ў 2020-ым годзе. Нават не ў тым, што яны выступілі, а ў тым, што добраахвотна пагадзіліся папярэдне скончыць сваю спартовую кар'еру.
Яны паставілі крыж, бо ў іх практычна не было іншых магчымасцяў. Ёсць, скажам так, выключэнні для спартоўцаў высокага класа. Гэта Крысціна Ціманоўская, Карына Казлоўская, якія змаглі атрымаць магчымасць выступаць за іншую краіну. У спартоўцаў ніжэйшага ўзроўню такіх магчымасцяў не было.
- У Беларусі вас завочна прысудзілі да 12 гадоў турмы. Ці адчулі вы падтрымку беларусаў пасля прысуду?
- Так, безумоўна. Мне пісалі людзі, падтрымлівалі. Нехта спачуваў, нехта віншаваў. Не магу сказаць, што на мяне прысуд неяк эмацыйна паўплываў. Так, непрыемна, але не больш за тое.
Усё роўна падтрымка заўсёды прыемная. Незалежна ад таго, якая падзея адбылася. Калі людзі пішуць і падтрымліваюць, то гэта матывуе не здавацца і працаваць далей. Па-другое, прынамсі добры дзень табе забяспечаны.
- Можа быць ёсць нейкія гісторыі палітвязняў, якія вас кранулі?
- Ведаеце, мяне ўсе гісторыі кранаюць. Я вельмі моцна эмацыйна ў гэта залучаюся і хвалююся за ўсіх. Нават не ўяўляю, наколькі псіхалагічна і фізічна складана зараз усім тым, хто знаходзіцца ў турмах і калоніях.
Калі нашыя закаранелыя апазіцыянеры былі да ўсяго гатовыя, то тысячы людзей, якія не чакалі, што будзе так. Яны праявілі свае найлепшыя якасці. Кожны, хто там знаходзіцца, праходзіць праз выпрабаванне духа.
Напраўду гэта праверка на трываласць. Я спадзяюся, што большасць пройдзе яе і калі яны зразумеюць, што гэта ўсяго толькі выпрабаванне, ім стане лягчэй.
- Якія словы падтрымкі вы б маглі ім сказаць?
- Я часам перапісваюся са сваякамі палітвязняў, з іх блізкімі. Канешне, перадаю нейкія словы падтрымкі. Самае галоўнае, што хочацца сказаць, каб яны не здаваліся і разумелі, што іх подзвіг быў не проста так.
Выпрабаванні зробяць іх фізічна і маральна мацнейшымі. Вельмі хочацца, каб яны не ўспрымалі гэта як пакаранне за іх учынак, а хочацца, каб яны ўспрынялі ўсё, што адбываецца, як выпрабаванне.
Гэта больш матывуе і дае сілы пратрымацца, не здацца ўнутрана. Кожны з іх для нас - герой. Я ўпэўнена, што імёны кожнага палітвязня будуць ведаць усе беларусы ў будучыні.