31 траўня 2025, Субота, 15:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Ніхто не можа забараніць нам быць прыстойнымі людзьмі

4
Зміцер Бандарэнка: Ніхто не можа забараніць нам быць прыстойнымі людзьмі

Палітвязням і іх сем'ям могуць дапамагчы гарызантальныя сувязі.

Чаму для беларусаў важны досвед польскай «Салідарнасці»? Як людзі ў Беларусі могуць дапамагчы палітвязням і іхнім сем'ям? Якой падтрымкі бракуе вязням сумлення?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былым палітвязнем Змітром Бандарэнкам.

- Што для вас значыць слова «салідарнасць»?

- Хачу сказаць, што слова «салідарнасць» вельмі цесна звязанае з Польшчай. Сусветна вядомы прафзвяз «Салідарнасць» моцна паўплываў на падзенне камунізму ў СССР і краіны так званага сацыялістычнага лагера.

Польшча, яе грамадзяне, арганізацыі і медыя, заўсёды былі салідарныя з беларусамі і да 2010-га года, і пасля, і цяпер. Я магу адзначыць, што для маёй сям'і польская салідарнасць - гэта не проста прыгожыя словы. Памятаю, як мне адвакат прынёс раздрукоўку з інтэрв’ю «Gazety Wyborczej» з маёй дачкой. Мяне гэта вельмі моцна падтрымала і натхніла.

Цяпер ёсць сістэма «хросных» палітвязняў. Усё пачалося яшчэ ў 2010 годзе. Маім апекуном быў польскі дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі. Ён вельмі шмат рабіў: пісаў лісты начальнікам турмаў, калоніі.

Ён патрабаваў, каб мне надавалі медычную дапамогу, дапамагаў маёй сям'і. Марэк Мігальскі ініцыяваў маё вылучэнне на прэмію імя Андрэя Сахарава ў 2011 годзе.

Калі я выйшаў з турмы, ён запрасіў мяне на канферэнцыю, арганізаваную ў Еўрапарламенце. Марэк Мігальскі - узорны «хросны», які дзейнічаў вельмі эфектыўна.

Яшчэ магу сказаць, што ў 2012 годзе актывісты тады яшчэ апазіцыйнай партыі «ПІС» («Права і справядлівасць») арганізавалі маё лячэнне ў адным са шпіталяў Польшчы.

Яшчэ я б адзначыў дапамогу польскага ўрада праваабарончым арганізацыям і, канешне ж, праграму імя Кастуся Каліноўскага.

Дарэчы, я сам быў сярод удзельнікаў праграмы Каліноўскага, бо пасля 2010 года не толькі рэпрэсаваныя студэнты і актыўная беларуская моладзь мелі права вучыцца на гэтай праграме. У рамках гэтай праграмы я атрымаў паслядыпломную адукацыю ў Варшаўскім універсітэце. Адукацыя была на вельмі высокім узроўні. Вось канкрэтная праява польскай дапамогі.

Цяпер Польшча робіць для беларусаў і беларускіх рэпрэсаваных больш за іншыя краіны свету.

- Чым можна дапамагчы палітвязням сёння?

— Існуе вялікая колькасць арганізацый, афіляваных з офісам Ціханоўскай, але чамусьці вельмі часта беларусы звяртаюцца да мяне і маіх калег, скардзячыся на адсутнасць якой-небудзь падтрымкі з боку арганізацый, створаных для таго, каб дапамагаць рэпрэсаваным грамадзянам Беларусі.

Гэтая сітуацыя незразумелая, бо людзі, якія выдаюць сябе за «прадстаўнікоў беларускага народа», ездзяць па свеце, сустракаюцца на самым высокім узроўні з прэм'ерамі і прэзідэнтамі, развязаць пытанне дапамогі канкрэтным людзям не ў стане. Гэта нашая рэальнасць.

Сапраўды, трэба дапамагаць канкрэтным палітвязням і ў Беларусі (у каго ёсць такая магчымасць), і былым рэпрэсаваным, якія апынуліся за мяжой. Заўсёды ёсць тыя, каму патрэбная дапамога ў першую чаргу. Часта гэта пенсіянеры, людзі, якія ўжо не могуць працаваць паводле стану здароўя, сем'і з дзецьмі.

Неабходна патрабаваць ад так званых прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі, якія любяць падарожнічаць, канкрэтную дапамогу. Бо менавіта яны, падкрэслю, сустракаюцца з сусветнымі палітыкамі вельмі высокага рангу.

Напрыклад, нядаўна быў візіт Ціханаўскай у Італію. Я ведаю, што італійцы вельмі сур'ёзна дапамаглі дзецям і сем'ям пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы.

Суцэль можна было развязаць з прэм'ер-міністрам, з чальцамі кабінета міністраў Італіі пытанне аб рэабілітацыі вязняў, якія адбылі пакаранне, дапамагчы іх сем'ям. Ёсць італійскія арганізацыі, якія дапамагалі беларусам раней.

- Чым можа дапамагчы палітвязням просты чалавек, які знаходзіцца ў Беларусі?

- Мне здаецца, што вельмі многія беларусы праз маштаб рэпрэсій у краіне ведаюць канкрэтных людзей, якія пацярпелі, якім сёння патрэбная падтрымка.

Гэта могуць быць вашы суседзі, сваякі, аднакласнікі. Такая дапамога не выклікала б нейкай рэакцыі з боку ўладаў, бо людзі самі па сабе маюць стасункі. Гэта не кідаецца ў вочы. Трэба проста памагаць.

Калі я сядзеў, мая жонка закупляла тавары на перадачу, а людзі, якія даведваліся, для каго гэта, дапамагалі бясплатна.

Былі сябры, знаёмыя, якія прыходзілі і казалі: «Слухай, вось 100 даляраў, гэта на падтрымку мужа». Вось гэтая дапамога на гарызантальным узроўні - вельмі істотная.

Прывяду, зноў жа, досвед падпольнай польскай «Салідарнасці». Яны казалі, што наймацнейшымі былі менавіта не палітычныя сувязі, а дапамога родных, блізкіх, суседзяў, якія прытрымліваюцца прыкладна такіх жа поглядаў, але палітычна незаангажаваныя. Як казаў герой аднаго фільма: «Ніхто не можа забараніць нам быць прыстойнымі людзьмі».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках