29 траўня 2025, Чацвер, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Паліенка: ГУБАЗіК зліла, што пра мяне пісалі ў СМІ

3
Зміцер Паліенка: ГУБАЗіК зліла, што пра мяне пісалі ў СМІ

Кожны беларус сёння можа стаць праваабаронцам.

Былы палітвязень, актывіст анархісцкага руху Зміцер Паліенка не па чутках ведае, што такое салідарнасць. У інтэрв'ю сайту Charter97.org ён распавёў пра крэатыўныя акцыі ў яго падтрымку:

- Стос лістоў і паштовак, фінансавая падтрымка, акцыі салідарнасці, ад стыкераў і ўлётак - да акцый наўпроставага дзеяння.

Мой таварыш Мікіта Емяльянаў цяпер адбывае пакаранне за акцыі салідарнасці ў маю падтрымку. Ён атакаваў СІЗА №1 у Менску кактэйлем Молатава, а калі ў мяне павінен быў пачацца суд, ён з таварышамі закідаў будынак Менскага гарадскога суда чырвонай фарбай. Таксама яны вешалі банэры проста на агароджу суда. За гэтыя акцыі, на жаль, Мікіта цяпер адбывае пакаранне, дзе штодня зазнае рэпрэсіі і ціск.

Салідарнасць адчувалася кожны дзень. У мой дзень нараджэння таварышы запусцілі салют каля калоніі, а на агароджы было намаляванае графіці «Свабоду Паліенку!» Былі прывітанні і віншаванні па радыё. У тыя часы, да 2020 года, Лукашэнка яшчэ гуляў у дэмакратыю, тады яшчэ не была забароненая незалежная прэса, у якой былі публікацыі пра маю справу і акцыі салідарнасці. Гэта вельмі раздражняла мясцовых операў і супрацоўнікаў ГУБАЗіКу, аднак гэта не давала карнікам магчымасці развязаць рукі і «ўкатаць» палітвязня па поўнай праграме.

- Якім чынам лепш надаваць дапамогу вязням сумлення ў сённяшняй сітуацыі?

- Цяпер, на жаль, рэжым Лукашэнкі развязаў сапраўдны тэрор супраць усіх свядомых беларусаў, нязгодных з рэжымам. Колькасць палітычных зняволеных расце з кожным днём. Дагэтуль працягваюцца затрыманні людзей за фота з пратэстаў 2020 года ці за падабайкі ў сацыяльных сетках. Праз вайну ва Украіне інфармацыйнае поле, на жаль, зрушылася, парадак дня палітзняволеных пайшоў на другі план.

Таму нельга забывацца на беларусаў, якія не пабаяліся выступіць супраць таталітарнага рэжыму Лукашэнкі.

Я б параіў усім неабыякавым беларусам самім станавіцца праваабаронцамі. Прыходзіць на суды да палітвязняў, якія трапілі пад каток рэпрэсій. Часцей пісаць лісты, нават калі цэнзура іх не прапускае. Падтрымліваць палітвязняў і іхніх сваякоў фінансава. І я б раіў гэта рабіць наўпрост. Як гэта зрабіць — можна прачытаць на сайце праваабарончай арганізацыі Dissidentby, там ёсць функцыя «Дапамога сем'ям».

Праводзіць больш акцый салідарнасці: ад банальных улётак, да больш важкіх і рашучых дзеянняў. Бо інфармацыйная падтрымка не дае карнікам развязаць рукі, калі пра палітвязня памятаюць і пішуць СМІ.

Беларусы паказалі сваю салідарнасць і рашучасць у 2020 годзе. Упэўнены, што наша салідарнасць мацнейшая за іх турмы. Важна дапамагаць адзін аднаму, ні на дзень не забываць нашых герояў, якіх гэты агідны і баязлівы рэжым кінуў за краты.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках