30 траўня 2025, Пятніца, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Трэба ламаць сістэму

7
Андрэй Саннікаў: Трэба ламаць сістэму

Беларусы павінны ведаць імёны тых, хто пакутуе за іхнюю свабоду.

Як сёння можна дапамагчы палітычным вязням? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з лідэрам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былым палітычным зняволеным Андрэем Саннікавым.

- Раскажыце, як беларусы падтрымлівалі Вас і Вашу сям'ю пасля незаконнага арышту ў 2010 годзе?

- Падтрымка была вельмі моцнай. Мяркую, у 2010-2012 гадах быў закладзены падмурак той салідарнасці, якую мы назіралі ў 2020-м і бачым дагэтуль.

Справамі палітычных вязняў займаліся не толькі праваабарончыя арганізацыі, а ўсе беларусы. Жорсткі разгон Плошчы стаў шокам для людзей. Разгоны былі і раней, але сваёй жорсткасцю і цынічнасцю гэты вылучаўся.

Людзі адгукнуліся вельмі шчыра, жыва, моцна памагалі. Магу падаць прыклад, як нашага з Ірынай сына, якому на той момант было 3,5 гады, проста загацілі цацкамі.

Мама не магла з ім шпацыраваць (рэжым Лукашэнка ў 2011-ым годзе прысудзіў Ірыну Халіп да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай — заўвага), шпацыравала бабуля. На дварэ іх пазнавалі і прапаноўвалі дапамагчы. Увогуле, тады была не проста салідарнасць, а рух салідарнасці менавіта на ўзроўні ўсіх беларусаў.

- Чым адрозніваецца сітуацыя 2010 года ад цяперашняй?

- Сітуацыя страшэнная, бо тыя метады, якія на нас выпрабоўваліся, сёння ўжываюцца ў поўным аб'ёме. Плюс ужываецца публічны фізічны гвалт. Да псіхалагічнага ціску — пазбаўлення магчымасць мець стасункі з сем'ямі, пазбаўлення спатканняў, тэлефанаванняў, ізаляцыя ў калоніях і турмах — дадаліся наўмысныя забойствы.

Злачынствы супраць чалавечнасці адбываюцца на вачах ва ўсяго свету, і свет не надта хоча рэагаваць на іх. Гэта самае страшнае і для саміх палітычных вязняў, і для іхніх сваякоў.

Што да ўнутрыбеларускіх праблем, то шмат хто са сваякоў здзіўляецца, што пры значным росце спісу фондаў і арганізацый дапамогі палітычных вязняў да іх ніякая падтрымка не даходзіць.

- Як можа дапамагчы палітычным вязням звычайны беларус?

- Трэба больш падтрымліваць менавіта сем'і. Шукаць сваякоў, знаёмых, якія ўжо потым мусяць знаходзіць магчымасці падтрымаць родзічаў вязняў сумлення. Сваякі шмат якіх палітычных вязняў мусілі выехаць з Беларусі. Можна даваць дапамогу праз іх. Яны сапраўды знойдуць каналы падтрымаць сваіх родзічаў у няволі.

Сёння палітычных вязняў пазбаўляюць усяго: грашовых сродкаў на рахунках, магчымасці закупляць прадукты, медыцынскіх бандэроляў, а гэта і ёсць наўмыснае забойства, асабліва для хранічна хворых людзей. Пазбаўляюць харчовых перадач, не прапускаюць нават вітаміны, што заўсёды ўважалі за недатыкальнае. Вітаміны заўсёды дазваляліся. Нават адміністрацыя турмаў разумела, што патрэбная падтрымка пры такім жахлівым харчаванні і медыцынскім абслугоўванні.

Напраўду, калі хочаш дапамагчы, ты знойдзеш магчымасць. Для гэтага не трэба спецыяльных кампаній, публічнасць часам толькі перашкаджае.

- Што самае галоўнае, на Ваш погляд, у дапамозе палітычным вязням?

- Першы прынцып — ніякага выхваляння. Нельга хваліцца вязнямі. Я цяпер бачу, як такія дзеянні моцна шкодзяць тым людзям, якімі выхваляюцца, дый усім палітычным вязням у цэлым.

Другое — трэба ўсякімі спосабамі здабываць інфармацыю пра палітычных вязняў, пра варункі іхняга ўтрымання, стан здароўя. Неабходна публікаваць інфармацыю пра турэмнікаў і метады ціску на палітычных вязняў, з прозвішчамі злачынцаў.

Трэцяе — неабходна кіравацца базіснымі патрэбамі зняволеных: забяспечваць мінімальную суму на рахунках у месцах іхняга ўтрымання; спрабаваць перадаваць прадукты харчавання ўсімі магчымымі спосабамі; наладжваць камунікацыі праз розныя каналы;

Чацвёртае — патрабаваць самых жорсткіх санкцый і разрыву ўсіх стасункаў з рэжымам Лукашэнкі, калі не будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязні.

І, нарэшце, пятае — ламі сістэму. Заўсёды можна знайсці магчымасць падтрымаць палітычнага вязня і даслаць яму або ёй вестку.

Да мяне даходзілі вітанні і праз дзяржаўныя радыёканалы, і праз афіцыйныя газэты. Людзі выяўлялі творчыя падыходы, і сістэма ламалася.

Вядома, вельмі важная матэрыяльная падтрымка сем'ям палітычных вязняў, якія апынуліся за мяжой, большасць з якіх зусім не раскашуе.

Сорамна не ведаць людзей, якія цярпяць сёння за свае палітычныя перакананні, падтрымку свабоднай Беларусі.

Мы павінны ведаць усе іхнія імёны і дапамагаць ім усімі магчымымі спосабамі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках