26 траўня 2025, панядзелак, 7:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрус Кубілюс: Няма ніякіх перашкод для ўступлення Беларусі ў ЕЗ

14
Андрус Кубілюс: Няма ніякіх перашкод для ўступлення Беларусі ў ЕЗ
Андрус Кубілюс
Фота: 15min.lt

У будучыні спатрэбіцца толькі волевыяўленне народа.

Ці чакаюць Беларусь у Еўразвязе? Як Захад будзе ладзіць свае ўзаемныя стасункі з Расеяй пасля перамогі Украіны? Што агульнага паміж познім СССР і пуцінскай РФ? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з экс-прэм'ерам Літвы, еўрадэпутатам Андрусам Кубілюсам.

- Як ЕЗ мае рэагаваць на абвешчанае размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі?

- На гэты момант Беларусь знаходзіцца пад паўакупацыяй. Лукашэнка дазваляе выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для вядзення вайны. Ён — суўдзельнік міжнароднага злачынства.

Лукашэнка дазваляе выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для размяшчэння ядзернай зброі, каб пагражаць усім навокал. Аднак я не бачу вялікага вайсковага дасягнення ў гэтым прапагандысцкім дзеянні, бо Расея мае дастаткова магчымасцей, ракет вялікай далёкасці, якія яны маглі б ужыць з расейскай тэрыторыі. У чым вайсковая выгада для РФ ад размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі — не вельмі зразумела. Гэта свайго кшталту правакацыя, якая дае выяўны сігнал тым, хто адказвае за стратэгіі на Захадзе, што падтрымліваць перамогу Украіны "для іх горш".

Адзіны спосаб зліквідаваць гэтую перманентную пагрозу з боку Расеі (якая бярэ пад кантроль і Беларусь) — гэта геапалітычная трансфармацыя ў самой Расеі.

- Не так даўно Лукашэнка зрабіў цэлы шэраг вонкава ірацыянальных хадоў: як паведамлялася, меў праблемы са здароўем, але нягледзячы на гэтыя праблемы, ён паляцеў у Маскву, потым нечакана адляцеў, потым, раптам, ізноў паехаў у Маскву, але знік на тры дня. Што Вы думаеце пра гэтыя дзіўныя паводзіны дыктатара?

- Пытанне ў тым, як шмат у яго асабіста свабоды паводзіць сябе так, як ён хоча. Мы не ведаем, якія паўнамоцтвы, якія інструменты мае Крэмль, каб уплываць на ягоныя паводзіны. Мы можам толькі здагадвацца.

Я не ведаю пра стан ягонага здароўя, але я не здзіўлюся, калі ў нейкі момант Крэмль наважыць, што ён хоча змяніць Лукашэнку (з шэрагу прычын). У гэтым не будзе нічога выключнага.

Пакуль што магчымасці заходняй супольнасці ўплываць на падзеі ў асяроддзі Лукашэнкі вельмі абмежаваныя. У цэлым змены ў Беларусі прыйдуць з перамогай Украіны ў гэтай вайне.

— А калі вайна скончыцца нейкай умовай «Менск-3» паміж Захадам і Расеяй, на якім баку жалезнай заслоны ў такім выпадку апынецца Беларусь?

- Гэта вельмі моцна залежыць ад стратэгіі Захаду. Вось чаму я выступаю за тое, што я называю ўстойлівым супакоем на еўрапейскім кантыненце: поўны разгром расейскага войска, сяброўства Украіны ў NATO і ў ЕЗ, геапалітычную рэканструкцыю ўсходняй часткі еўрапейскага кантынента.

Устойлівы супакой (і гэта адзіны шлях) будзе азначаць, што Расеі неабходна перайсці да нармальнага тыпу развіцця: да дэмакратыі. Дэмакратыі не ваююць адна з адной. Устойлівы супакой на еўрапейскім кантыненце — вось што мае быць яснай стратэгічнай геапалітычнай мэтай Захаду. Я адчуваю, што Захад рухаецца ў гэтым кірунку, але вельмі марудна.

Калі гэты ўстойлівы супакой будзе дасягнуты, то, безумоўна, я бачу ўсе магчымасці для Беларусі стаць часткай еўрапейскай супольнасці, рухацца ў бок Еўразвязу і ствараць свой уласны беларускі поспех. Расея, магчыма, не стане чальцом ЕЗ, але ЕЗ можа даць розныя інструменты ў стасунках з дэмакратычнай Расеяй.

Калі ж будзе толькі пагадненне “Менск-3”, а частка тэрыторыі Украіны па-ранейшаму будзе акупаваная Расеяй, Пуцін паспрабуе падаць гэта як сваю перамогу. І тады будзе вельмі вялікае пытанне, ці змогуць у Расеі адбыцца палітычныя перамены. Было б вельмі складана меркаваць, што перамены прыйдуць у Беларусь. Гэта азначала б, што ўсё застаецца як ёсць, а значыць, што і ўстойлівага супакою ў будучыні не будзе.

- У будучыні Вы бачыце Беларусь у ЕЗ?

- Мне ўяўляецца, што Малдова, Украіна ўвойдуць у ЕЗ. З палітычнымі зменамі, з дэмакратыяй Беларусь можа пайсці тым жа шляхам, як гэта зрабілі краіны Балтыі. Я не бачу ніякіх перашкод для сяброўства Беларусі ў ЕЗ - гэта пытанне толькі нацыянальнага волевыяўлення. Гэта мае грунтавацца на вельмі рацыянальным разумення таго, які кірунак прынясе поспех Беларусі. На мой погляд, на ўсёй постсавецкай прасторы няма ніводнага прыкладу поспеху ў адзіноце без інтэграцыі ў ЕЗ. Гэта мусяць зразумець і беларусы. Калі беларусы жадаюць поспеху, ёсць магчымасць паступіць так, як гэта зрабілі ўсе іншыя паспяховыя краіны.

Калі Расея застанецца з Пуціным, то можна ўявіць, што Масква будзе вельмі моцна супраціўляцца руху Беларусі ў ЕЗ.

- У гэтым бачанні будучыні татальная перамога Украіны з'яўляецца ключавой. Але Расея мае неабмежаваныя прыродныя рэсурсы (а гэта значыць, неабмежаваную крыніцу даходу), велізарнае насельніцтва (таму Пуцін можа доўга весці вайну на знясіленне), ядзерную зброю. Такім чынам, дзе ўразлівыя месцы ў гэтага ваеннага апанента? Які шлях да перамогі?

- Я б задаў іншае пытанне. Чаму ў сярэдзіне 1980-х пачалася перабудова? Былі тыя ж варункі: Савецкі Саюз меў шмат рэсурсаў, шмат ядзернай зброі, вялізнае насельніцтва, але раптам узнікла пастанова пачаць нейкія ўнутраныя рэформы.

Гэтая пастанова была прынятая не Гарбачовым, гэта была пастанова эліты, Андропава і іншых, якія здолелі рацыянальна спрагназаваць, што калі такія рэформы не будуць пачатыя, Савецкі Саюз раскідаецца — праз эканоміку, вайну ў Афганістане, праз усё астатняе… Яны не маглі прадказаць, ці вернуць гэтыя рэформы да жыцця Савецкі Саюз, і Савецкі Саюз раскідаўся.

Цяпер варункі вельмі падобныя. Можа быць, яшчэ патрэбны час. Эканоміка не ў найлепшым стане. Санкцыі працуюць. Калі Захад працягне санкцыі (а даходы ад нафты і газу падаюць), калі Захад не будзе даваць Расеі доступ да высокіх тэхналогій трэціх краін, вельмі хутка, магчыма, варункі ў Расеі стануць падобныя да варункаў у Савецкім Саюзе ў 1980-я гады.

Пачытайце леташнюю студзеньскую заяву так званага «Агульнарасейскага афіцэрскага сходу», абвешчаную адстаўным генералам Івашовым. Ён не дэмакрат, але гаварыў пра экзістэнцыйную пагрозу самой Расеі, калі пачнецца вайна.

- Пасля раскідання Савецкага Саюза Захад расхінуў абдымкі Расеі і даў вялікую дапамогу ў абмен на абяцанні дэмакратызацыі. Калі Захад зробіць нешта падобнае і гэтым разам, то ўзнікае пытанне: чаму такі падыход мае працаваць цяпер, калі ён не спрацаваў у 1990-ыя?

- Я веру ў так званую тэорыю хваль дэмакратызацыі, выкладзеную ў кнізе Сэмюэля Гантынгтана "Трэцяя хваля". У ХХ стагоддзі было тры хвалі дэмакратызацыі: 1920-я гады, потым пасля Другой сусветнай вайны, а затым 80-90-я гады — і мы прадукт трэцяй хвалі. Ён выкарыстоўвае гэтую метафару хвалі, якая як акіян накрывае новыя тэрыторыі, а затым адступае. Зазвычай у краіне, якая ўпершыню ахопленая дэмакратыяй, гэтая дэмакратыя не выжывае на працягу працяглага перыяду часу. Чаму не выжывае? Людзі чакаюць ад рэформаў цудаў — цудаў не бывае. Акрамя таго, ёсць настальгія аб мінуўшчыне.

Мы прайшлі праз вельмі падобныя падзеі ў 1990-я гады. У 1992 годзе літоўцы прагаласавалі за былую Камуністычную партыю. Чаму? Бо пачуццё нездаволенасці было вельмі распаўсюджанае, адразу ж пачала нарастаць настальгія аб мінуўшчыне. Што нам дапамагло? Перспектыва ўступлення ў Еўразвяз.

Расея такой перспектывы не мела. Існуюць розныя меркаванні аб тым, наколькі Захад за Ельцыным расхінуў абдымкі Расеі. Паасобныя эксперты кажуць, што ён быў вельмі абмежаваным і недастаткова эфектыўным, каб пераадолець гэтую настальгію.

Калі мы хочам устойлівай дэмакратыі ў Расеі, мы маем вельмі дакладна разумець, з якімі выклікамі сутыкнецца абноўленая дэмакратыя, задаць пытанне, што мы можам зрабіць, каб дапамагчы гэтай дэмакратыі стабілізавацца і стаць устойлівай.

Чаму амэрыканцы наважылі рэалізаваць план Маршала пасля Другой сусветнай вайны? Гэта было вельмі падобна: бо яны бачылі, што пасля Другой сусветнай вайны дэмакратыя ў Заходняй Еўропе была вельмі крохкай у эканоміцы, разбуранай вайной. Калі б амэрыканцы не прыдумалі план Маршала, то Сталін распаўсюдзіў бы свой уплыў праз незадаволенасць народаў з дапамогай мясцовых камуністаў.

Я не кажу, што пасля вайны Захад мае прыйсці з вялікім мехам грошай у Расею. Наадварот, расейцы павінны будуць кампенсаваць шкоду. Але паглядзець, што мы можам зрабіць, каб стабілізаваць расейскую дэмакратыю, — гэта наш абавязак. Таму мы гаворым аб тым, што ўжо цяпер нам трэба пачаць выпрацоўваць нейкі стратэгічны погляд на тое, якімі будуць стасункі паміж ЕЗ і Захадам у цэлым і дэмакратычнай Расеяй. Гэта дапамагло б нам цяпер пераканаць расейцаў у тым, што будзе жыццё пасля Пуціна. Вельмі важна быць гатовым зрабіць усё неабходнае, каб дапамагчы маладой расейскай дэмакратыі захаваць сваю стабільнасць.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках