Кулеба жорстка прайшоўся па ААН праз адсутнасць рэакцыі на падрыў Кахоўскай ГЭС
8- 9.06.2023, 21:36
- 10,828

Маўчанне ААН было памылковым.
Арганізацыя Аб'яднаных Нацый набрала ў рот вады ў дзень, калі расейцы падарвалі Кахоўскую гідраэлектрастанцыю. Маўчанне ААН было памылковым. Пра гэта заявіў міністр замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба.
Ён адзначыў, што хуткая рэакцыя – гэта не пра міжнародныя арганізацыі, паколькі ў іх свая бюракратыя і стрымлівальныя чыннікі.
– ААН вельмі канкрэтна, буду дыпламатам, «памылілася» ў дзень тэракту. Яны святкавалі Дзень расейскай мовы і набралі ў рот вады. Я думаю, што калі б яны набралі ў рот дняпроўскай вады, змяшанай з машыннай алівай і крывёй, магчыма, яны крыху інакш сябе паводзілі б. Але паколькі Нью-Ёрк далёка і там іншая вада, то яны ўмудрыліся ўвесь дзень маўчаць і нічога не рабіць, – адзначыў Кулеба.
Украінскі міністр таксама адзначыў, што хоча абараніць офіс ААН ва Украіне, паколькі ён арганізаваў невялікую каманду ў Херсоне для дапамогі. Але нават такая рэакцыя была неадэкватнай для маштабу трагедыі.
Кулеба дадаў, што пасля размовы з супрацоўнікамі офіса яны падвоілі намаганні і сфармавалі дзве каманды, якія гатовыя ехаць на левы бераг вобласці і дапамагаць з эвакуацыяй і гуманітаркай, калі Расея вылучыць гарантыі бяспекі. Але, паводле словаў міністра, гэтага, верагодна, не здарыцца.
Нагадаем, расейцы 6 чэрвеня ноччу падарвалі Кахоўскую ГЭС. У выніку тэракту была разбураная дамба, гэта прывяло да затаплення часткі населеных пунктаў Херсонскай вобласці.