«Прессбол» заклікаў раздушыць лукашысцкую цэнзуру
4- 9.06.2023, 19:20
- 9,222

Заклік з'явіўся на галоўнай старонцы сайта.
Кіберпартызаны ўзламалі сайт спартовай дзяржаўнай газеты «Прессбол», на якім замянілі фота і галоўную старонку сайта. На гэты момант сайт недаступны.
На першай старонцы «Прессбола» ў электронным фармаце кіберпартызаны размясцілі лозунгі: «Сапраўдная прэса без ланцуга», «Раздавім лукашыцкую цэнзуру», «Беларусь будзе свабоднай», «За свабодную журналістыку», паведамляе «Белсат».


«Прессбол» да 2020 г. быў адным з найлепшых спартовых выданняў Беларусі, але затым быў разгромлены лукашыстамі і страціў амаль усіх вядучых журналістаў. З таго моманту на яго сайце была ўведзеная жорсткая цэнзура, - адзначылі кіберпартызаны.
Нагадаем, у 2020 годзе «Прессбол» пакінуў галоўны рэдактар Сяргей Кайко. Замест яго прызначылі аўтара выдання і каментатара «Беларусь-5» Дзмітрыя Герчыкава. За ім газета не маўчала пра жнівеньскія падзеі 2020-га года і арышты спартоўцаў. Аднак у лістападзе праз цэнзуру сышоў і ён.
У снежні новым галоўным рэдактарам прызначылі былога работніка АНТ і выдання «Спортивная панорама» Сяргея Лісічкіна. Ягоную кандыдатуру прасоўвала Беларуская федэрацыя футбола, якая валодае паловай акцый газеты «Прессбол». Пасля гэтага з выдання пачалі сыходзіць рэдактары, журналісты, фатографы і тэхнічныя працаўнікі. Усяго - як мінімум 12 чалавек.
«Прессбол» выдаецца з 1991 года. Гэта найбуйнейшая беларуская спартовая газета.