Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
1- 8.06.2023, 16:06
- 9,470

У Беларусь забаранілі ўвоз шэрагу тавараў.
Вялікая Брытанія абвясціла ў чацвер аб новым пакеце санкцый супраць уладаў Беларусі за яе ролю ў садзейнічанні расейскаму ўварванню ва Украіну. Далейшыя захады ўключаюць забарону на імпарт і крокі, накіраваныя на прадухіленне распаўсюджвання прапаганды ў інтэрнэце, піша Reuters.
«Новы пакет узмацняе эканамічны ціск на Аляксандра Лукашэнку і яго рэжым, які актыўна садзейнічае намаганням Расеі ў вайне, ігнаруючы прынцып тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны», - гаворыцца ў заяве брытанскага міністра замежных спраў Джэймса Клеверлі.
Санкцыі ўключаюць забарону на ўвоз з Беларусі золата, цэменту, драўніны і каўчуку і адначасова блакаванне экспарту ў Беларусь з Вялікай Брытаніі банкнот, прамысловага абсталявання, а таксама тавараў, тэхналогій і матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаныя для вытворчасці хімічнай і біялагічнай зброі.
Асобна прадугледжаныя крокі ў абмежаванні доступу да фінансавых рынкаў Вялікай Брытаніі. Гэтыя захады звязваюць з імкненнем не дапусціць магчымыя выпадкі абыходу санкцый.