20 красавiка 2024, Субота, 2:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кафка, ты няўдачнік

21
Кафка, ты няўдачнік
ІРЫНА ХАЛІП

Паліна Шарэнда-Панасюк у смяротнай небяспецы.

«Ваша канстытуцыя - хлусня ад пачатку да канца. Хлусня, што ваша дзяржава выказвае волю і інтарэсы народа, што ўся ўлада належыць народу. Хлусня, што найвышэйшая мэта вашай дзяржавы - падвышэнне матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця народа. Хлусня, што вы праводзіце палітыку міру і змагаецеся за ўмацаванне бяспекі народаў. Хлусня і ганьба ваша выбарчая сістэма, над якой цешыцца ўвесь народ, хлусня і ганьба ваш герб, хлусня і ганьба ваш гімн». Гэтыя словы цалкам маглі быць напісаны Палінай Шарэнда-Панасюк. Але яны належаць украінскаму пісьменніку і сцэнарысту Гелію Снегірову, які адмовіўся ад савецкага грамадзянства ў 1977 годзе. Паліна Шарэнда-Панасюк зрабіла тое ж самае - адмовілася ад свайго адзінага грамадзянства - на мінулым тыдні.

Гелій Снегіроў быў паспяховым: сяброўства ў саюзах кінематаграфістаў і пісьменнікаў, а заадно і ў КПСС, пасада галоўнага рэдактара «Укркінахронікі» - увогуле, поўны дабрабыт. А потым ён пачаў вывучаць са старых падшывак судовыя працэсы трыццатых гадоў над украінскай інтэлігенцыяй (зразумела, у савецкай прэсе гэта называлася судамі над нацыяналістамі) - і напісаў даследаванне «Патроны для расстрэлу». Пасля гэтага быў ператрус, канфіскаваныя рукапісы, выключэнне з творчых саюзаў і з партыі. А ў ліпені 1977 года Снегіроў адмовіўся ад савецкага грамадзянства. Пражыў ён пасля гэтага менш за паўтара года - арышт, галадоўка, прымусовае кармленне ў турэмнай лякарні, параліч, пакутлівая смерць. Менавіта такім быў кошт адмовы ад грамадзянства сваёй краіны для Гелія Снегірова.

Амаль праз паўстагоддзя, ужо ў іншай краіне, Паліна Шарэнда-Панасюк, змучаная ў бясконцых карцарах напярэдадні чарговага суда, які дадасць ёй яшчэ пару гадоў да тэрміну, напісала адмову ад беларускага грамадзянства. Напісала, што не хоча мець нічога супольнага з акупацыйным рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі, удзельнічае ў вайне і забівае палітвязняў у турмах. Наўрад ці яна чула пра Гелія Снегірова, але як жа гэты яе адчайны жэст - адзіная даступная вязню дыктатуры форма пратэсту - гучыць ва ўнісон з такім жа жэстам кіяніна з сямідзесятых: «Я не жадаю больш заставацца грамадзянінам дзяржавы, якая знішчыла эліту майго ўкраінскага народа, найлепшую частку сялянства і інтэлігенцыі, перакруціла і абылгала наша гістарычнае мінулае, прынізіла наша сучаснасць». Да чаго падобна гучаць словы з Кіева сямідзесятых і з зарачанскай калоніі праз паўстагоддзя! І ад гэтага страшна. Асабліва калі ведаеш кошт, які давялося заплаціць аўтару тых кіеўскіх слоў.

Адразу пасля заявы аб адмове ад грамадзянства Паліну Шарэнда-Панасюк этапавалі ў вар’ятню - нібыта для правядзення судова-псіхіятрычнай экспэртызы. Праўда, экспэртыза ў Паліны ўжо адбывалася падчас следства. Так што можна толькі здагадвацца, навошта яе туды адправілі. Паліна напісала ў сваёй заяве, што з гэтага моманту не падпарадкоўваецца ніякім законам акупацыйнай улады. Карцар яе не зламаў, ПКТ не зламала, пагрозы не зламалі, новыя суды з дадаваннем турэмнага тэрміна - таксама не зламалі. Магчыма, не здолеўшы даць рады адважнай Паліне, не здолеўшы яе запалохаць, знішчыць, прымусіць падпарадкоўвацца, рэжым надумаў скарыстацца старым добрым досведам тых самых папярэднікаў, з сямідзесятых. Карная псіхіятрыя тварыла цуды, якіх гэбуха не маглі дамагчыся катаваннямі.

Гелія Снегірова ў дзевяностыя пасмяротна аднавілі ў саюзах пісьменнікаў і кінематаграфістаў. На кіеўскім доме, дзе ён жыў, зараз вісіць мемарыяльная дошка. Але я не хачу, каб у Берасце вісела мемарыяльная шыльда ў памяць Паліны Шарэнды-Панасюк. Я хачу, каб жывая, здаровая, вясёлая Паліна шпацыравала па Берасці, і ёй нічога не пагражала. А цяпер жыццё Паліны не проста ў небяспецы - гэта тая самая крытычная сітуацыя, калі ўвесь свет павінен крычаць, патрабаваць, дамагацца.

Замест гэтага я са здзіўленнем чытаю на старонках «Нашай нівы» каментары праваабаронцаў з «Вясны» і Human Constanta, якія сур'ёзна разважаюць пра тое, што ў адпаведнасці з нейкім там параграфам нейкага там артыкула нейкага там закону Паліна не можа адмовіцца ад грамадзянства, паколькі ў яе ёсць нявыкананыя абавязанні перад краінай у выглядзе неадбытага пакарання. Удумайцеся: прадстаўнік той самай Human Constanta, дзе працавала Наста Лойка, якая сядзела ў турме, і юрыст той самай «Вясны», з якой выкралі і пасадзілі ўсё кіраўніцтва і парачку валанцёраў, распавядаюць пра законы і параграфы «Нашай ніве», два рэдактары якой сядзяць у лагерах.

Кафка, ты няўдачнік.

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках