5 траўня 2024, Нядзеля, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускіх настаўнікаў пачалі адымаць з заробку грошы за ежу

9
У беларускіх настаўнікаў пачалі адымаць з заробку грошы за ежу
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА: TUT.BY

Можа быць ужыты падвышальны каэфіцыент.

"Урад" Беларусі прыняў пастанову аб "парадку арганізацыі харчавання педагагічных і іншых работнікаў устаноў адукацыі". Яна афіцыйна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У дакуменце прапісана, як менавіта педагогі цяпер змогуць харчавацца на працы.

Пастанова датычыцца дзяржаўных дзіцячых садкоў, школ і падобных да іх спецыяльных устаноў - акрамя вучылішчаў алімпійскага рэзэрву. У бюджэце прадугледзяць сродкі для таго, каб забяспечыць ежай педагогаў ды іншых працаўнікоў.

Настаўнікі, выхавальнікі ды іншыя работнікі школ і дзіцячых садкоў змогуць карыстацца папярэднім запытам - у адпаведнасці з прыкладнымі двухтыднёвымі рацыёнамі харчавання. Каб атрымліваць ежу ў сталоўцы, трэба будзе да 25-га дня кожнага месяца падаваць заяву кіраўніку ўстановы.

Аплата будзе складаць поўную цану порцыі аднаго навучэнца старэйшай групы. Можа быць ужыты падвышальны каэфіцыент - калі ён прадугледжаны. Аплачвацца будуць толькі дні, калі супрацоўнік харчаваўся.

Плаціць трэба будзе да 25-га дня кожнага месяца самастойна, альбо можна напісаць заяву наймальніку, каб грошы адымалі з заробку. Калі нейкі час харчаванне не спатрэбіцца, то трэба паведамляць аб гэтым дзяжурнаму ў сталоўцы з ліку педагогаў.

Мінфіну пастаноўлена прадугледжваць у нацыянальным бюджэце сродкі на арганізацыю харчавання работнікаў дзяржаўных устаноў адукацыі. А аблвыканкамам і Менскаму гарвыканкаму рэкамендавана "прадугледжваць у мясцовых бюджэтах сродкі на рэалізацыю гэтай пастановы".

Нагадаем, раней педагогі некалькіх навучальных устаноў паведамлялі, што ім не дазваляюць купляць у сталоўках абеды, якія гатуюць для школьнікаў, паводле "цэн для дзяцей".

У Мінадукацыі на гэта заявілі, што настаўнікі могуць купляць ежу ў буфетах, а ў школах створаныя варункі для харчавання работнікаў, у тым ліку для разагравання і захоўвання ежы. Аднак пазней была прынятая папраўка ў Кодэкс аб адукацыі, якая дае магчымасць педагогам харчавацца ва ўстановах адукацыі. Яна дае настаўнікам права на харчаванне, рэалізацыю механізма на практыцы прапісвае пастанова ўрада.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках