23 красавiка 2024, aўторак, 12:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гульні вакол нафты

3
Гульні вакол нафты

Пастанова АПЕК можа моцна стукнуць па РФ.

АПЕК + на ініцыятыву Савудаўскай Арабіі распачала чарговую спробу ажывіць сусветны рынак нафты і стымуляваць рост коштаў, скарачаючы здабычу. Здаецца, усё проста: менш нафты – вышэй кошт – падаражэў бензін на ўкраінскіх запраўках. Але рынак нафты фармуецца пад дзеяннем такой колькасці фактараў, што, напрыклад, пасля апошняга скарачэння здабычы кошт, наадварот, знізіўся, піша «Зеркало недели».

4 чэрвеня сябры АПЕК+ дасягнулі дамоўленасці аб прадаўжэнні абмежаванняў на здабычу нафты на 2024-ы і чарговым зніжэнні аб'ёмаў здабычы з наступнага года на амаль 1,4 млн барэляў за суткі. Дадаткова Савудаўская Арабія заявіла аб добраахвотным памяншэнні здабычы ўжо ў наступным месяцы. Гэта ўжо трэцяе пагадненне аб скарачэнні здабычы за апошні год, першае – на 2 млн барэляў у дзень было заключана восенню 2022 года, другое, узгодненае ў красавіку 2023-га на 1,6 барэляў у дзень, уступіла ў дзеянне ў мінулым месяцы.

Ужо ў ліпені пастанова АПЕК + павінна прывесці да самага нізкага ўзроўню здабычы за апошнія некалькі гадоў, але ці выкліча гэта істотнае павышэнне коштаў нафты, зараз прадказаць цяжка. Бо на красавіцкую пастанову аб скарачэнні здабычы рынак, нягледзячы на прагнозы, адрэагаваў даволі слаба. Кошты на нафту эталоннай маркі Brent праз некалькі дзён дасягнулі ўзроўню 87,4 дал. за барэль, а ўжо з 13 красавіка дэманстравалі ў асноўным адмоўную дынаміку, на працягу траўня кошт барэля вагаўся ў межах 72-77 даляраў.

Прыкметнай рэакцыі рынку на чэрвеньскую пастанову аб зніжэнні здабычы таксама не назіраецца, барэль нафты на 8 чэрвеня падаражэў менш як на 1 даляр. Фактары, якія тармозяць попыт на нафту, прынамсі пакуль, уплываюць на рынак мацней, чым запланаванае скарачэнне прапановы. Асноўнымі  фактарамі стрымлівання для нафтавага рынку заставаліся асцярогі аб спадзе сусветнай эканомікі, абмежаванне эканамічнага росту Кітая, пагроза дэфолту ў ЗША, а таксама пастаўкі Расеяй на рынак вялікай колькасці нафты коштам значна ніжэйшым за рынкавы.

Цікава, што на гэты раз квоты змяніліся толькі для двух удзельнікаў АПЕК. Савудаўская Арабія як ініцыятар новых дамоўленасцей паабяцала здабываць на 1 млн барэляў у дзень менш і прыняла добраахвотнае рашэнне знізіць спажыванне ўжо ў наступным месяцы. І расейская квота здабычы нафты зменшыцца на 650 тыс. барэляў за дзень з 2024 года. Іншыя ўдзельнікі групы абмежаваліся абавязаннямі захоўваць раней абумоўленыя скарачэнні да канца 2024-га. Пры гэтым Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, наадварот, дабіліся павелічэння квоты на здабычу налета.

Салідарнасць Савудаўскай Арабіі і Расеі ў нафтавым пытанні насамрэч вельмі ўмоўная, хоць у цэлым у Расеі дастаткова высокі ўзровень падтрымкі сярод арабскіх краін. Але ў апошні час іх дачыненні станавіліся больш напружанымі. Тлумачэнне простае – Масква не выконвала свае абавязанні па зніжэнні здабычы і працягвала пастаўляць на рынак вялікія абʼёмы таннай нафты. Гэта стала адной з прычын зніжэння коштаў у траўні сёлета, нягледзячы на ўсе намаганні саудытаў.

Рэкорднае зніжэнне здабычы выглядае як яшчэ адна спроба Эр-Рыяда павысіць кошт нафты мінімум да 80 даляраў/барэль, што дазволіць збалансаваць свой бюджэт і працягнуць фінансаванне мегапраектаў, сярод якіх, напрыклад, будаўніцтва «горада будучыні» Neom у пустыні. Дзеля росту коштаў краіна гатова паменшыць сваю долю нафтавага рынку.

Масква на словах падтрымлівае скарачэнне здабычы. Пасля ўвядзення столі коштаў расейскай нафты прэмʼер РФ сцвярджаў, што Расея, хутчэй, скароціць вытворчасць, чым будзе прадаваць нафту па кошце да 60 даляраў/барэль, і абяцаў добраахвотна знізіць квоту дадаткова на 500 тыс. барэляў у дзень. Але на працягу апошніх месяцаў расейская нафта прадаецца са скідкай краінам, якія гатовы яе купляць, у абʼёмах, якія перавышаюць нават раней дамоўленыя абавязковыя квоты, устаноўленыя АПЕК+. Ва ўмовах падзення нафтагазавых даходаў, якое ў першым квартале 2023 года складала 45% (санкцыі працуюць!), існуе вельмі вялікая імавернасць, што Расея і надалей будзе спрабаваць прадаць максімальна магчымую колькасць нафты. Тым больш рост кошты нафты РФ практычна не датычыцца, яе кошт абмежаваны столлю. І ці ўдалося Эр-Рыяду дамовіцца з Масквой, стане зразумела праз некалькі тыдняў.

Супрацьдзейнічаць пастанове АПЕК+ збіраюцца ў Злучаных Штатах. У Вашынгтоне ў той жа дзень адрэагавалі на пастанову АПЕК +, заявіўшы, што працягнуць працаваць над крокамі па зніжэнні кошту нафты, бо высокія кошты на яе стымулююць інфляцыю. Барацьба з інфляцыяй зараз зʼяўляецца адным з прыярытэтаў адміністрацыі прэзідэнта ЗША. Байдэн плануе балатавацца на выбарах-2024, дзе высокі ўзровень інфляцыі будзе казаць не на яго карысць.

Сімвалічна тое, што менавіта ў дзень апублікавання пастановы АПЕК+ прэзідэнт Байдэн падпісаў закон, які прыпыняе дзеянне столі дзяржаўнай пазыкі ЗША і ўводзіць абмежаванне дзяржаўных выдаткаў на наступныя два гады. Такім чынам, удалося ўжо які раз прадухіліць першы ў гісторыі дэфолт, але рызыка інфляцыі застаецца. А гэта азначае, што ЗША, хутчэй за ўсё, будуць спрабаваць абмежаваць рост коштаў нафты, найперш павялічваючы ўласную здабычу і экспарт.

Таму цалкам магчыма, што найбліжэйшым часам кошт нафты на сусветным рынку крыху павысіцца, але значнага росту чакаць не варта.

Ці вырастуць кошты паліва ва Украіне? Так, з 1 ліпеня вырастуць і даволі заўважна. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Кошты падвысяцца не праз пастанову АПЕК+, а з прычыны павелічэння стаўкі ПДК з 7 да 20% і вяртання акцыза на нафтапрадукты. У красавіку 2022 года, каб прадухіліць значны рост коштаў праз вайну, Вярхоўная Рада Украіны скасавала акцызы на нафтапрадукты і знізіла ПДК на іх з 20 да 7%. Але з 1 ліпеня 2023-га яны вернуцца на даваенны ўзровень. Так што ва Украіне паліва падаражэе, але Савудаўская Арабія і АПЕК + зараз у гэтым не вінаватыя.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках