29 красавiка 2024, панядзелак, 7:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штрафны ізалятар за «няправільную» колькасць асадак і шкарпэтак: у якіх варунках зараз сядзяць палітвязні?

8
Штрафны ізалятар за «няправільную» колькасць асадак і шкарпэтак: у якіх варунках зараз сядзяць палітвязні?

Стала вядома аб тым, што адбываецца ў Наваполацкай калоніі.

Сваякі палітвязняў распавялі «Радыё Свабода», што змянілася ў калоніях, дзе адбываюць пакаранне іхнія родныя.

«Раней бы абмежаваліся вымоваю»

Як расказала беларуска, у калоніі, дзе знаходзіцца ейны сын, вясной 2023 года сталі яшчэ больш жорсткімі ўмовы для палітычных зняволеных, а стаўленне да іх супрацоўнікаў адміністрацыі стала больш прыдзірлівым.

«Паслала сыну некалькі асадак, а ён памыліўся ў падліках, указаў у вопісе на адну менш. У выніку за гэтую адну асадку адправілі ў ШІЗА. Раней бы абмежаваліся вымоваю. Проста шукаюць, за што б яшчэ пакараць», - распавяла маці палітвязня.

Другая жанчына распавяла пра ШІЗА «за адну шкарпэтку».

«Хлопец страціў адну шкарпэтку, у вопісе рэчаў зменшыў колькасць пар. Але яму сказалі: «Не, трэба было паказаць, што ў цябе столькі пар з паловай». І прызначылі пакаранне - ажно 10 сутак ШІЗА».

Такое адбываецца толькі з палітычнымі, зазначаюць сваякі зняволеных.

ШІЗА як «прафілактыка»

Са звестак сваякоў, для новых палітвязняў, якія прыбывалі ў калонію на працягу вясны, памяшканне ў СІЗА стала абавязковым, і гэта называюць «прафілактыкай».

«Паводле якога б артыкула чалавек ні быў асуджаны, калі ён палітычны - абавязкова адправяць у ШІЗА. А потым сваякі дзівяцца, што змясцілі ў каранцін, напісаў, што нібы ўсё нармальна, - і раптам знік на месяц, а то і больш. А ўсё проста: патрапіў на «прафілактыку», - падзяліўся досведам сваяк палітычнага зняволенага.

«Лішні раз не абвастраць абстаноўку»

Сваякі палітвязняў калоніі ў Наваполацку, дзе адбываў пакаранне прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка, падзяліліся некаторымі звесткамі пра яго. З іх слоўвах, зняволеныя-крымінальнікі гэтай калоніі запэўніваюць, што ніхто з іх не ўдзельнічаў у магчымым збіванні палітыка Бабарыкі. Зняволеныя мяркуюць, што гэта можа быць справай рук супрацоўнікаў адміністрацыі.

Пра тое, дзе зараз трымаюць Бабарыку, зняволеныя калоніі не ведаюць, але адзначаюць, што пасля таго, як Бабарыку вывезлі, адміністрацыя калоніі стала больш асцярожнай.

«Направа-налева пакаранняў пакуль не раздаюць. Відаць, паступіў загад лішні раз не абвастраць абстаноўку ў калоніі», — кажуць сваякі палітвязняў аб сітуацыі ў Наваполацкай калоніі.

Праваабаронцу «Вясны» Валянціна Стэфановіча накіравалі на чыстку кабеляў

У Магілёўскай калоніі №15 зараз адбывае пакаранне праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Пра гэта паведаміла крыніца, якая кантактуе з адным са зняволеных калоніі. З ейных слоў, Валянціна Стэфановіча накіравалі працаваць на ачыстку кабеляў. Сярод зняволеных гэтая праца лічыцца вельмі шкоднай і нявыгаднай, бо плацяць за яе шэлегі.

Былы вязень ВК№ 15 пад Магілёвам Аляксей, якому таксама давялося працаваць «на правадах», падрабязней распавёў аб гэтай працы.

- Чысцяць дрот ад ізаляцыі нажамі. Гэта нязручна, небяспечна, але што зробіш? Іншай прылады не выдаюць.

Робы, у якую можна было б перамняніцца, каб не запэцкацца на такой працы, не выдаюць. Шукаць даводзіцца самому за цыгарэты альбо купляць у турэмнай краме за ўласныя грошы. Не знайшоў - нікога не турбуе. Звычайную форму выдаюць адну на год, і калі ты сапсуеш яе «на прамку» за два тыдні, дык гэта твае праблемы.

Раз на тыдзень выдаюць працоўныя пальчаткі, але іх стае на два-тры дні, а далей выкідвай. Таму ад працы голымі рукамі шмат драпін і нават моцных парэзаў.

Са слоў Аляксея, ачыстка кабеляў ад ізаляцыі вельмі шкодная для здароўя, асабліва, калі ідзе аб ачыстцы дроту са свінцу.

І колькі ж плацілі за такую працу? Аляксей сцвярджае, што атрымліваюць на гэтай працы прыкладна 1,5 рублі на месяц. «Гэтага стае роўна на дзве пары пальчатак».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках