29 красавiка 2024, панядзелак, 6:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Такі мог быць і ў дружыне Рагвалода, і ў крылатых гусарах Хадкевіча»

2
«Такі мог быць і ў дружыне Рагвалода, і ў крылатых гусарах Хадкевіча»
Мирослав Лозовский

Пабрацім падзяліўся ўспамінамі пра Міраслава Лазоўскага.

Адзін з заснавальнікаў «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі загінуў 16 траўня ў баях пад Бахмутам. Яму было 49 гадоў. Лазоўскі ваяваў у складзе палка імя Кастуся Каліноўскага.

Пра свайго пабраціма і з «Белага легіёну», і з палка Каліноўскага «Свабодзе» пагадзіўся расказаць добраахвотнік «Дуб».

«Нібыта ён сталёвы»

— Які ў вас першы ўспамін быў пра Міраслава?

— Мы пазнаёміліся ў 2001 годзе. Потым сябравалі, нават больш, чым сябравалі. Ён мне быў як старэйшы брат, зь якім заўсёды можна было параіцца, атрымаць ад яго параду. Ягоная думка для мяне было звышаўтарытэтнай. Менавіта ягонае слова для мяне было вырашальным: калі Мірык казаў, што «гэта фігня», то я ўсё адмяняў.

— Пасябравалі менавіта ў «Белым легіёне»?

— Так, Мірык быў адным зь першых людзей, каго я там сустрэў. Ён быў камандзірам менскага аддзелу, мы былі пад ягоным камандаваньнем. Столькі гадоў прайшло, а ён усё адно заставаўся такім самым, хоць з барадой, хоць без. У яго была такая паходка, якую немагчыма не пазнаць, нібыта ён расьсякае прастору, вельмі ўпэўненая. Сілы ў яго таксама не паменшала, хаця здароўе апошнім часам і было ня самым лепшым. На яго глядзіш, нібыта ён сталёвы. Каржакаваты, як той дуб. Магчыма, гэта яму трэба было ўзяць пазыўны «Дуб».

— А чаму, дарэчы, ён выбраў пазыўны «Мыш»?

— Я магу патлумачыць, але Мірык ня вельмі любіў, калі нешта асабістае выходзіла ў грамадзкую прастору. Гэта вельмі прыгожая рамантычная гісторыя, вельмі прыватная. Хай гэта застанецца зь ім. Як раней рыцары прысьвячалі прыгожым жанчынам свае перамогі, то гэта з той самай сэрыі.

— Беларускасьць для Міраслава заўсёды была прынцыповай пазыцыяй?

— Гэта не пазыцыя, а лад жыцьця. Ён жыў Беларусьсю, гісторыяй. Калі на яго паглядзець, то можна разгледзець усе стагодзьдзі беларускай гісторыі. Я мог уявіць, што такі Мірык мог быць у дружыне Рагвалода, у Яна Караля Хадкевіча ў крылатых гусарах, мог быць слуцкім паўстанцам у 1920 годзе. Ён такі архетып беларускага ваяра-шляхціча.

— Міраслава шмат разоў затрымлівалі ў Беларусі з розных прычын. Гэта яго не ламала?

— Натуральна, не ламала. Ён выбраў сабе шлях адданага нацыяналіста яшчэ ў 1990-х і кіраваўся ім, нікуды не зварочваў.

— Рашэньне ехаць на вайну вы прымалі разам?

— Мы ня ехалі, а ішлі. Калі пачалася вайна, то 25 лютага мы былі ўжо ў «Азове» ў роце «Крука». Мы сазваніліся з Паўлам «Волатам» (Суслаў, загінуў у траўні 2022-га. — РС), ён сказаў, каб ішлі адразу да яго. Мы рыхтаваліся, бо разумелі, што вайна будзе, а калі і ня будзе, то трэба рыхтавацца да вызваленьня Беларусі. Праводзілі навучаньне для беларусаў, вучылі розную тэхніку работы са зброяй, хадзілі на трэнаваньне «Азову». Калі ж пачалася вайна, то ў нас была дамоўленасьць, што сустракаемся разам у сябра і адтуль высоўваемся. У тэрабарону нас не ўзялі, бо мы беларусы. 25 лютага мы прарываліся ў Кіеў з Ірпяня, ужо ляталі варожыя самалёты, страляніна. Мы ў Кіеў ішлі ўчатырох. Масты былі падарваныя, нас падабраў хлопец-украінец, вывез зь Ірпяня. Мы адзіныя тады, здаецца, ехалі ў Кіеў, іншыя машыны — з Кіева. Шалёныя беларусы. У сталіцы мы ўжо пайшлі да Пашы «Волата», сталі падцягваць іншых беларусаў па сваіх каналах. Потым ужо Ян «Беларус» Мельнікаў прыйшоў да нас з прапановай ствараць беларускі падразьдзел.

— У батальёне Каліноўскага, такім чынам, вы таксама былі ад моманту стварэньня?

— Так, фактычна ўсё і пачалося з таго, што аб’ядналіся мы і тактычная група «Пагоня». Спачатку былі асобным узводам у складзе ўкраінскай роты, потым самі сталі ротай, а ўжо пасьля дарасьлі да батальёна.

«Мірык сябе не шкадаваў»

— Міраславу ня цяжка было, усё ж 48 гадоў?

— Мірык ніколі ня скардзіўся на сваё здароўе. Я адзін раз толькі яго бачыў вельмі стомленым. Гэта было, калі мы выходзілі з Лазавога (апэрацыя прарыву расейскай абароны ў Мікалаеўскай вобласьці летам 2022-га. — РС), за дзень тады прамаршыравалі каля 40 кілямэтраў у поўнай выкладцы, пасьля бой, наступ, цягнулі зброю, цягнулі параненага нашага камандзіра. А камандзір быў зусім ня лёгкі. Мірык пасьля пераправы ў выніку проста сеў у куце хаты ў адным мястэчку, якое было пад шчыльным абстрэлам, потым прылёг. Я пытаюся: «Мірык, ці будзем забіраць рэчы, якія пакінулі на тым беразе?» Адказвае, што не, я больш не магу. А так ён цягнуў.

Неяк пасьля Запарожжа

выехаў у Кіеў трошку палячыцца. Доктар на яго паглядзеў: «Ты дурань ці што? Нельга так да свайго здароўя ставіцца». Мірык сябе ня дужа шкадаваў. Як і ва ўсіх справах, за якія ён браўся, аддаваўся цалкам. Калі працаваў у «Кнігазборы», то ведаў усе кнігі, усіх літаратараў. Мірык ня дужа паважаў лічбавую інфармацыю, аддаваў перавагу папяровай кнізе. Бывала, што яму трэба было ўсталяваць нейкую праграму, дык мне ўпіхваў тэлефон: «На, „Дуб“, разьбярыся, зрабі, каб усё працавала добра». У яго дома была шыкоўная бібліятэка, вялізны стос кніг, сшыткаў на стале заўжды ляжаў. Ён там нешта пісаў, маляваў, перамалёўваў. Ён ня быў гісторыкам ні па адукацыі, ні па прафэсіі, але кансультаваў прафэсійных гісторыкаў.

— Міраслаў на вайне браў удзел ва ўсіх апэрацыях? Не «мінусаваў» іх?

— Ён прайшоў увесь шлях, куды толькі можна было трапіць. Калі ў нас была сытуацыя ў Лазавым, калі частка штабу адмаўлялася ўдзельнічаць у апэрацыі, то Мірык казаў: «А хто мне яны такія? Я ўкраінскі жаўнер і маю каманду ад сваіх камандзіраў. Я прыехаў ваяваць і буду ваяваць». Калі я сыходзіў з палка, то ён сказаў, паглядзім, можа, я таксама толькі да зімы і сыду. А пасьля казаў ужо: «Куды я пайду, на каго хлопцаў пакіну сваіх?».

На яго моцна паўплывала сьмерць Пашы «Волата». Яны сябравалі яшчэ да вайны, паважаў яго як сапраўднага ваяра. У батальёне «Волат» усе байцы магутныя, былі тры сапраўдныя волаты — сам «Волат», «Брэст» (Іван Марчук, загінуў у чэрвені пад Лісічанскам. — РС) і «Мыш». На разьвітаньні з «Волатам» ён хадзіў вельмі задуменны, потым сказаў: «Калі загіну, то ня трэба ўрачыстых разьвітаньняў, а проста пахавайце мой попел пад дубам. Калі ў Беларусі не атрымаецца, то пад любым дубам».

За гэты час, мне здаецца, Мірык спасьціг сутнасьць вайны. Нашы продкі ліцьвіны-гусары любілі і леапардавыя скуры, і крылцы, я таксама нечым такім грашыў. Мірык жа на сваёй форме пакінуў мінімум — бел-чырвона-белы сьцяг і сьцяг Украіны. Ён проста выконваў свае функцыі, усё прадумваў да дробязяў.

«Мог адкласьці ўбок кнігу і ўзяць у рукі аўтамат»

— Мне казалі, што ён адмаўляўся ад розных пасадаў. Гэта сьціпласьць не дазваляла?

— Ён лічыў, што лепш будзе добрым камандзірам сярэдняга зьвяна, чым ня вельмі добрым камбатам. Ён лічыў, што не дарос да такіх пасадаў, як камандзір палка ці батальёна. Хаця я лічу, што ягонага разуменьня жыцьця, адукацыі і досьведу вайсковага для гэтага б хапіла. Калі б ён узяўся за справу, то зрабіў бы, як заўсёды, — дасканала і добра.

— З Бахмуту ён вам пісаў, што там адбывалася?

— Я ведаю, што іх павінны былі выводзіць з-пад Бахмуту, заставалася некалькі дзён. Не дайшоў 50 мэтраў, не дажыў пару дзён — моцна гэта адбіваецца. З Бахмуту мы перапісваліся, але я чакаў, калі ён выйдзе, каб нармальна паразмаўляць. Калі табе сто чалавек штодня пішуць, як ты маесься, то гэта раздражняе, я таму часта не пісаў. Адпісваўся раз на некалькі дзён, ці жывы, ён адпісваў, што ўсё ок, на гэтым размова канчалася.

— У Міраслава быў вялікі аўтарытэт унутры батальёна?

— Ня толькі ўнутры батальёна. Мірык быў эталёнам таго, каго хацеў бы бачыць у сваіх шэрагах «Белы легіён». Гэта быў сапраўдны інтэлігент, які мог адкласьці ўбок кнігу і ўзяць у рукі аўтамат. Гэта чалавек высокіх маральных прынцыпаў, добрай фізычнай сілы, вялікай дабрыні, цудоўны сябра. Разьвіты быў усебакова, апроч хіба сучасных гаджэтаў. Гэта быў сапраўдны «легіянэр».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках