29 красавiка 2024, панядзелак, 6:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мой тата вельмі сумленны, ён супраць гэтых двух дурняў»

3
«Мой тата вельмі сумленны, ён супраць гэтых двух дурняў»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Дзеці палітвязняў расказалі пра сваіх бацькоў.

Праект politzek.me да Дня абароны дзяцей, які адзначаецца сёння, 1 чэрвеня, сабраў думкі дзяцей палітвязняў аб сваіх бацьках. Маленькія беларусы расказалі, якімі памятаюць сваіх тату ці маму, чаго ім зычаць.

Насця, 6 гадоў

Мама - Антаніна Канавалава, пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму на 5,5 гадоў. Бацька - Сяргей Ярашэвіч, пазбаўленне волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на 6 гадоў і тры месяцы.

- У мамы цёмныя валасы як у Вані. І сінія вочы. На мой дзень нараджэння мама падарыла мне касметыку.

- Калі мама вернецца, я падрыхтую сюрпрыз і намалюю кветачкі. Я абдыму маму, а потым заплюшчу яе вочы рукамі, прывяду і скажу: «Сюрпрыз!»

- Я сумую па Беларусі. Яна рознакаляровая.

- А больш я нічога не памятаю. (Насці было чатыры гады, калі маму пасадзілі).

- Жадаю маме здароўя, каб яна не хварэла, усміхалася, а ўсіх дрэнных людзей пасадзілі ў турму.

- Тату памятаю. У яго валасы цёмныя і стрыжка як у Вані. А яшчэ ён вельмі мілы, не памятаю, як з ім гуляла. Зычу, каб тата і мама не сумавалі без нас. Каб яны былі цэлыя. Каб тата хутчэй вярнуўся разам з мамай.

Ваня, 8 гадоў, брат Насці

- Я памятаю маму мілай, добрай і клапатлівай. Мама неяк знайшла каля нашай рэчкі сабачак і ўзяла іх. Іх нехта выкінуў з моста. А мама, пачуўшы выццё, знайшла іх і прынесла дадому. Пасля іх раздалі. Бо ў нас ужо быў сабака Кэндзі. Я на ім катаўся, калі мне было пяць гадоў, а мама трымала Кэндзі, бо ён выкручваўся.

- Я з мамай не размаўляў ужо тры месяцы. Я па ёй сумую. Калі маму ўбачу, я яе абдыму. А яшчэ падрыхтую сюрпрыз, але які, не скажу, гэта ж сюрпрыз.

- Я зычу маме, каб яна яшчэ крыху патрымала, і мы яе адтуль абавязкова забяром.

- А тата заўсёды мне дапамагаў. Гуляў са мной у футбол. У нашым двары ў вёсцы. А яшчэ памятаю, як катаў нас на аўьл. Хачу, каб ён не хварэў і хутчэй выйшаў.

Ян, 9 год

Тата - Сяргей Лісоўскі, затрыманы ў жніўні 2021 года. Лічыцца ў спісе «тэрарыстаў». Знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

- Тата моцны, у яго заўсёды на твары ўсмешка, але мала валасоў, калі казаць сумленна.

- Ён вельмі вясёлы, добры, працавіты. Мы з ім часта па вечарах клаліся ў ложак, гулялі, расказвалі адзін аднаму небыліцы, смяшылі адзін аднаго. А потым прыходзіла бабуля, яна была злая, што мы яшчэ не спім.

- Адзін раз, калі мы былі ў Турцыі, я пачаў падаць з пірса ў мора, заблытаўся ў канатах, крычаў маме: «Мама, дапамажы!», а прыбег тата, схапіў мяне і выцягнуў. Тата мой абаронца заўсёды.

- А яшчэ неяк мы купаліся ў моры з татам, хоць былі вывешаны чырвоныя сцягі. А хвалі былі два метры вышынёй. Нам было так весела!

- Яшчэ памятаю, як мы з татам каталіся ўздоўж менскай рэчкі на роварах. Дарэчы, тата ў мяне паверыў, калі я сказаў, што змагу паехаць на двухколавым ровары сам, без падтрымкі.

- Без таты мне сумна. Але я хачу быць падобным да яго. Такім жа вясёлым, такім жа моцным і працавітым, толькі каб валасоў пабольш было.

- Я жадаю тату найхутчэйшага вызвалення з турмы. Застацца такім жа вясёлым, моцным, такім як раней, і нават лепшым. Каб яго турма нічым не сапсавала.

Лёша, 10 гадоў

Тата палітвязень. Родныя папрасілі аб ананімнасці.

- Тата мой аўтарытэт, ён для мяне герой. Я вельмі яго люблю. Успамінаю, як я хадзіў на стадыён і глядзеў, як ён гуляў з хлопцамі ў футбол, а зараз, калі я гуляю ў футбол і забіваю галы, мне заўсёды ўспамінаецца тата. Успамінаю, як мы шпацыравалі. Успамінаю, як тата прыязджаў з працы і падкідваў нас.

- Я пішу тату лісты, а ён мне піша. У лістах ён расказвае розныя гісторыі, успамінаючы, напрыклад, як хадзіў на першую Лігу Чэмпіёнаў у Беларусі. Часам я задаю яму задачку ў шахматах, а часам ён мне.

- Я стараюся дапамагаць маме. Гуляю з братамі на дварэ, наводжу парадак, праціраю пыл, выношу смецце заўсёды. Стараемся, каб у мамы кожны дзень быў добры настрой. Але не заўжды атрымліваецца, праўда.

- Хачу, каб тата хутчэй прыйшоў да нас. Я ведаю, што ён сумленны, ён быў за Беларусь. Жадаў, каб кіраваў прэзідэнт, які варты гэтага. А не той, хто ўсё падрабляе. Ён хацеў, каб Беларусь была сумленнай краінай.

Саша, 5 гадоў, брат Лёшы

- Памятаю, што тата такі з барадой. Яшчэ памятаю, што ён падушкай збіў лямпачку (гулялі ў бой падушкамі).

- Лукашэнка думаў, што тата яго паб'е і пераможа. Ён надумаў яго пасадзіць у турму, бо не хацеў, каб тата яго перамог.

Кастусь, 8 год, трэці брат

- У таты, памятаю, твар такі моцны, мне падабалася. А ў турме ў яго змяніўся твар, галава стала круглай. І барада стала карацейшай.

- Я сумую па ім, таму што вельмі моцна люблю яго. Памятаю, як тата з мамай у нашай хаце рабілі паласу перашкоды, а мы яе праходзілі.

- Тата за час турмы стаў выдатным мастаком, ён шмат і добра малюе!

- Мне хочацца хутчэй сустрэцца з татам, абняцца. Неўзабаве ў нас будзе спатканне. Тату я б зычыў шчасця і дабра, каб ён не сумаваў, бо неўзабаве мы з ім сустрэнемся. Я адразу налячу на тату і пацалую.

- Я ведаю, што тата быў вельмі сумленны. Быў супраць гэтых двух... дурняў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках