Наўседа: Патрабуецца большая прысутнасць сіл хаўруснікаў на ўсходнім флангу NATO
3- 30.05.2023, 19:10
- 3,070

Паводле слоў прэзідэнта Літвы, «гэтая лінія фронту павінна быць вельмі моцнай».
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пасля сустрэчы з прэзідэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам у Вільні заявіў, што цяпер вельмі важна ўзмацняць усходні фланг Паўночнаатлантычнага альянсу. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
«Гэтая лінія фронту, якая павінна быць вельмі моцнай. Нам патрэбная супрацьпаветраная і супрацьракетная абарона, а таксама большая прысутнасць хаўрусніцкіх сілаў у рэгіёне», – адзначыў літоўскі лідар.
«Доўгатэрміновая прыхільнасць Нямеччыны да бяспекі Літвы неабходная для ўсяго ўсходняга флангу NATO», - дадаў Наўседа.
У той жа час Штайнмаер паабяцаў Літве дапамогу Нямеччыны ў выпадку расейскай агрэсіі.