У «Газпраме» «заплакалі»: кошты газу ў Еўропе ўпалі да двухгадовага мінімуму
11- 30.05.2023, 16:21
- 13,040
Надзеі Крамля выявіліся марнымі.
Цэны прыроднага газу на еўрапейскім рынку ўпалі да двухгадовага мінімуму. Адной з ключавых прычын стаў пераход Нямеччыны на сонечную энэргію.
Аб гэтым піша ўплывовае выданне Bloomberg у артыкуле пад назвай: «Падзенне коштаў газу прынесла палягчэнне Еўропе пасля энэргетычнай панікі».
Сёння кошты блакітнага паліва на еўрапейскім рынку ніжэйшыя, чым былі яшчэ ў сярэдзіне 2021 года - да поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, якое выклікала найвастрэйшы энэргетычны крызіс у рэгіёне. Еўропа паспяхова прайшла стрэсавы перыяд, нягледзячы на амаль поўнае спыненне паставак расейскага газу.
Ф'ючэрсы на газ у ЕЗ у гэтым 2023 годзе патаннелі на дзве траціны, што пазітыўна паўплывала на эканоміку рэгіёну і аслабіла інфляцыю. Тое, што адбываецца, пазбавіла Крэмль магчымасці зноў ужываць у дачыненні да еўрапейцаў энэргетычны шантаж.
Яшчэ год таму кошт ф'ючэрсаў у 4 разы перавышаў той, што ёсць цяпепр. Тады шэраг краін быў вымушаны адкласці праграму пераходу на зялёную энэргетыку і адраджаць вугальную генерацыю, каб стабілізаваць сістэму праз скарачэнне паставак газу з РФ.
Аднак сёння сітуацыя кардынальна памянялася. Эксперты ўпэўненыя, што і з будучым зімовым сезонам праблем не будзе. Імаверна, газавыя сховішчы Еўропы будуць запоўненыя на 100 адсоткаў яшчэ да канца лета. Ужо цяпер яны запоўненыя на 67%.
Сёння кошт газу ўпаў ніжэй за 25 еўраў за мегават-гадзіну.
Прычын такіх нізкіх коштаў некалькі:
- павелічэнне імпарту ЗПГ у Еўропу ўзамен расейскага газу;
- прагноз экспертаў, што зіма 2023-2024 гадоў будзе мяккай;
- эканамічныя нягоды Кітая, у сувязі з чым упаў попыт на энэргарэсурсы;
- пераход Еўропы на зялёную энэргетыку, у тым ліку на сонечную і ветравую генерацыі.
Паслабленне коштаў газу паўплывала і на кошт тавараў, што запаволіла інфляцыю.
Важна, што, на думку экспертаў, цяперашняе патанненне кошту газу яшчэ не канец. Чакаецца далейшае падзенне нават ніжэй за 20 еўраў за мегават-гадзіну. Дзякуючы гэтаму прамысловасць Еўропы зможа аднавіцца, наганяючы ўпушчанае за апошні год.