Беспілотнікі масава атакавалі Маскву
159- 30.05.2023, 7:36
- 95,310
Серыя выбухаў грымнула і пад Масквой.
Расейскія СМІ паведамляюць, што ўначы 30 траўня адбыўся выбух у Маскве. Гэта звязваюць з атакай беспілотніка, інфармуе nv.ua.
Выбух адбыўся ў паселішчы Маскоўскім на вуліцы Атласава дом 11 непадалёку ад Унукава. На 25-м паверсе дома выбітая шыба, пажару не было, паведамляе The Moscow Times.
Жыхары дома былі выведзеныя на двор і разгублена хадзілі па ходніку, назіраючы за работай ратавальнікаў і збіраючы абломкі беспілотніка, які быў даволі буйным.
Telegram-канал Mash паведаміў аб нападзе беспілотнікаў на яшчэ адзін будынак у цэнтры Масквы.
«Шматпавярховік на Ленінскім праспекце атакаваны беспілотнікам у Маскве. З папярэдняй інфармацыі, ёсць параненыя», - гаворыцца ў публікацыі.
Са звестак канала, абломкі дрона ўляцелі ў акно адной з кватэр, пасля чаго эвакуавалі блізу 300 чалавек.
МНС паведаміла, што высвятляе прычыны здарэння. Тэлеграм-каналы Baza і Mash пішуць, што ў будынку адбыўся выбух, прычынай мог быць беспілотнік. Жыхары выклалі відэа з прадметамі, падобнымі да абломкаў беспілотніка. SHOT і Mash пішуць, што пашкоджанні атрымала адна з плітаў канструкцыі будынка.
Baza паведамляе аб яшчэ адным беспілотніку, які, папярэдне, урэзаўся ў жылы дом у Маскве на Прафсаюзнай вуліцы. Ён уляцеў у акно кватэры на 16 паверсе. Зараз з дому эвакуююць жыхароў.
Жыхары паказвалі на камеру знойдзены каля дома прадмет, на іх думку, падобны да крыла БПЛА. Гэтую версію пацвердзілі ў паліцыі РФ.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў аб ранішнім нападзе беспілотнікаў на сталіцу РФ:
«Сёння раніцай у выніку атакі БПЛА ў некалькіх будынках адбыліся пашкоджанні. Усе экстраныя службы горада знаходзяцца на месцах здарэнняў. Яны высвятляюць акалічнасці здарэння».
Жыхары Падмаскоўнага Адзінцова паведамляюць аб гуках выбухаў. Больш за дзесяць беспілотнікаў збіты ў Падмаскоўі за сённяшнюю раніцу. Большасць з іх - у Істрынскім, Краснагорскім і Адзінцоўскім раёнах.