Свята першай еўрапейскай Канстытуцыі
12- АЛЯКСЕЙ ХАДЫКА, «НОВЫ ЧАС»
- 3.05.2023, 11:42
- 5,268

3 траўня 1791 года была прынятая Канстытуцыя Рэчы Паспалітай.
Сучаснымі гісторыкамі Канстытуцыя 3 траўня 1791 года, прынятая Чатырохгадовым Соймам і ініцыяваная апошнім польскім каралём і вялікім літоўскім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім разглядаецца як прагрэсіўная. Гэта была ўвогуле першая ў Еўропе і другая ў свеце (пасля амерыканскай 1787-1789 гадоў) канстытуцыя.
У Рэчы Паспалітай яна ўводзіла канстытуцыйную манархію, упершыню паводле прынцыпаў Асветы падзяляла галіны ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую (канцэпцыя французскага асветніка Шарля Мантэск'ё), рэфармавала ў рацыянальным кірунку дзяржаўны лад і дзяржаўны апарат. Ствараўся ўрад («вартаўнік правоў») з караля і міністраў, якім дапамагалі адпаведныя галіновыя міністэрствы - урадавыя камісіі.
Лепш за ўсё новы дух Канстытуцыі адлюстроўваў артыкул «V. Урад, або вызначэнне публічных улад», які сцвярджае следам за Жан-Жакам Русо: «Усякая ўлада ў чалавечым грамадстве бярэ свой пачатак у волі народа».
Такім чынам упершыню ў айчынным заканадаўстве прагучала слова «народ».
Канстытуцыю стваралі і пісалі найлепшыя прадстаўнікі патрыятычнага лагера - разам з каралём - граф Ігнацый Патоцкі, граф Станіслаў Малахоўскі і Гуга Калантай. Падтрымалі - Адам Чартарыйскі, лідар шляхты ВКЛ, маршалак канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага князь Казімір Нестар Сапега.

Канстытуцыя стала астатняй спробай выратаваць Рэч Паспалітую: краіна пазбаўлялася ўласцівых ёй заган працэсу кіравання дзяржавай.
Найперш прынцыпу liberum veto, якім падкупленыя замежнымі агентамі шляхцічы блакавалі кожную рацыянальную ініцыятыву, а таксама правы на шляхецкія канфедэрацыі – фактычна легальныя бунты нобіляў. Колькасць войска мела павялічыцца да 100 тысяч, кіраванне ім пераходзіла на прафесійную базу. Правы шляхты ўпарадкоўваліся, а шляхты - павялічваліся аж да права куплі маёнткаў і атрымання шляхецтва.
Абвяшчаліся тыповыя раннебуржуазныя і патрыятычныя рэформы.
Цікава, што, як і амерыканская, наша Канстытуцыя ў 1791 - пачатку 1792 года ратыфікавалася на месцах. І ў ВКЛ нават хутчэй, чым у Каралеўстве Польскім. За гэты час у ВКЛ 27 соймікаў шляхты з 33 прысягнулі Канстытуцыі; а ў Польскім каралеўстве – з 42 соймікаў 10 соймікаў прысягнулі, а 27 соймікаў толькі папярэдне ўхвалілі Канстытуцыю. Але ўсё ж ухвалілі.
Ужо ў 1791 годзе дзень 3 траўня быў прызнаны святам Канстытуцыі.
У сучаснай Польшчы гэты дзень адзначаецца як дзяржаўнае свята.
Пасля Другой сусветнай вайны камуністычныя ўлады замянілі яго святкаваннем 1 траўня, а ў 1951 годзе цалкам скасавалі. Пасля сістэмных перамен, з красавіка 1990 года, 3 траўня - ізноў нацыянальнае свята ў Польшчы.
Аляксей Хадыка, «Новы Час»