25 красавiка 2024, Чацвер, 8:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг аб заяве польскага генерала: Беларусам трэба рыхтавацца, будуць вялікія перамены

55
Палітолаг аб заяве польскага генерала: Беларусам трэба рыхтавацца, будуць вялікія перамены
МАКСІМ ПЛЕШКА

Украіна падтрымае сілы, якія будуць мяняць уладу ў Беларусі.

Польшча рыхтуецца да ўзброенага паўстання ў Беларусі і ўдзелу ў яго падтрымцы ваенным шляхам, заявіў былы намеснік міністра нацыянальнай абароны генерал Вальдэмар Скшыпчак.

«Калі ўкраінскі контрнаступ скончыцца поспехам, то тыя ўзброеныя беларусы, якія складаюць частку баявога патэнцыялу ўкраінскага войска, не складуць зброі. Яны пойдуць у Беларусь. Спадзяюся, што гэта выкліча паўстанне ў Беларусі, гэтага Лукашэнка баіцца», - сказаў генерал.

Ці гатова Украіна да такога сцэнару? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітолагам, экспертам Цэнтра беларускіх камунікацый Максімам Плешкам.

- Гэта даволі правакацыйная заява, але трэба разумець, што Вальдэмар Скшыпчак ужо не вайсковец, а выступае як палітык. Пасля таго, як рэжым Лукашэнкі арганізаваў усе гэтыя міграцыйныя крызісы, Польшча актыўна працуе над Беларуссю. Украіна пачала актыўна працаваць толькі паўгода таму і зараз фармуе нейкае сваё бачанне. Польшча ўжо гэтае бачанне сфармавала. Відавочна, што генерал кажа тое, што чыноўнікі сказаць нн могуць, а ён як былы ўжо сабе гэта дазваляе. Відавочна, што такія планы распрацоўваюцца.

Аднак мяне здзівіла яшчэ адна рэч: калі ты рыхтуеш паўстанне, то лепш пра гэта не казаць.

Калі мы гаворым пра Украіну, то мы зацікаўлены ў тым, каб на паўночнай мяжы ў нас была свабодная, дэмакратычная Беларусь з нацыянальнай свядомасцю, з якой мы можам будаваць Балта-Чарнаморскі звяз і ВКЛ 2.0, а потым і Рэч Паспалітую.

Што Украіна робіць у гэтым кантэксце? Сярод усіх легіянераў, якія ваююць ва Украіне, беларусаў найбольш. Полк Каліноўскага яскрава выражаны як нацыянальнае падраздзяленне. Гэта высокакваліфікаваная баявая частка, якая не раз заяўляла, што калі з'явіцца запатрабаванне - яны будуць гатовыя змагацца за свабоду Беларусі.

Украіна як дзяржава, на маю думку, не будзе ўмешвацца ці пачынаць агрэсію. Аднак дапамагаць сілам, якія будуць мяняць уладу ў Беларусі, Украіна будзе. Ніхто не забудзе Бучу і Ірпень. Я сам з Ірпеня, тры маіх сябры загінулі, былі застрэленыя расейцамі. Ніхто не даруе ракет, якія ляцелі з Беларусі. Таму Лукашэнка можа скакаць з крэсла на крэсла, але адназначна, што ягоны час сыходзіць. Таму Украіна будзе дапамагаць менавіта беларускім сілам.

Тут хачу падкрэсліць, што лёс Беларусі ў руках беларусаў. Украіна і ўвесь цывілізаваны свет будуць дапамагаць беларусам, але беларусы самі павінны рабіць сваю справу.

- Літаральна некалькі дзён таму ў Белгарадскую вобласць РФ зайшлі расейскія добраахвотнікі. Ці можа падобны сцэнар быць рэалізаваны ў дачыненні да Беларусі?

- Я вам больш скажу, так атрымалася, што ўкраінскія вёскі на мяжы з Белгарадскай вобласцю РФ, адкуль заходзілі добраахвотнікі, называюцца Аляксандраўка і Лукашоўка. Адназначна, што Лукашэнка ўсё гэта на сябе прымярае і баіцца. Адназначна, што ўсе гэтыя апалчэнні якія ён збірае, - гэта страх. Мы бачым, што ёсць адпрацаваны сцэнар. Мяркую, нас чакае вельмі шмат цікавых падзей.

Хочацца звярнуцца да беларусаў, якія пойдуць у гэтыя падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны. Я спадзяюся, што беларусы - народ, які разумее свае нацыянальныя інтарэсы. Калі вас заганяюць у такія падраздзяленні, то трэба ісці, браць зброю, вучыцца і ў патрэбны момант павярнуць яе супраць расейскіх і ўнутраных акупантаў, падтрымаць беларускіх добраахвотнікаў.

Байцы палка Каліноўскага - сапраўдныя героі. Калі параўноўваць беларускіх добраахвотнікаў і тых, каму сёння раздаюць зброю ў гэтых апалчэннях, то «каліноўцы» ўмеюць ваяваць сучасна. Я б сказаў, што гэта пяхота спецыяльнага прызначэння, якая ўмее ваяваць з дапамогай дронаў, цяжкай тэхнікі, якую яны захопліваюць у расейцаў. Іх шануюць і яны вельмі тонка працуюць. Думаю, некалькі тысяч беларускіх добраахвотнікаў могуць «зрабіць пагоду» ў Беларусі.

Аднак яшчэ раз адзначу, што без удзелу вялікіх мас беларускага народа нічога не атрымаецца. «Каліноўцы» могуць стаць арганізатарамі, калі гаварыць па-навуковаму - пасіянарыямі. Пасіянарыі - гэта тыя, хто запальвае, натхняе. Але мусяць быць простыя беларусы, беларускі народ. Таму праз вашае выданне звярнуся да беларусаў: «Рыхтуйцеся, будуць вялікія перамены, вы павінны будзеце ўключыцца».

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках