26 красавiка 2024, Пятніца, 12:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь і ЕЗ касуюць выкарыстанне «зялёнай карты»: што чакае кіроўцаў

4
Беларусь і ЕЗ касуюць выкарыстанне «зялёнай карты»: што чакае кіроўцаў

Збою аўто і чэргаў на мяжы будзе не пазбегнуць.

З 1 чэрвеня 2023 года беларусам, якія едуць у Еўропу на асабістых аўтамабілях, на мяжы з ЕЗ давядзецца афармляць міжнародны страхавы поліс для сваіх аўто, паведамляе «Нямецкая хваля».

Расейскае ўварванне ва Украіну і прызнанне Брусэлем Менска яго суўдзельнікам прывялі да серыі санкцыйных мер Еўразвязу супраць РБ. Беларускія аўтаўладальнікі дзеянне адной з іх адчуюць на сабе з 1 чэрвеня гэтага года. Размова ідзе аб скасаванні выкарыстання імі ў ЕЗ так званай «зялёнай карты» - міжнароднай сістэмы страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў за шкоду, прычыненую жыццю, здароўю і маёмасці трэціх асоб у выніку ДТЗ, якое адбылося за мяжой.

Якія змены чакаюць беларускіх уладальнікаў «зялёнай карты»?

Раней, набываючы «зялёную карту» ў страхавой кампаніі на тэрыторыі Беларусі, кіроўца аўтамабіля мог быць упэўнены, што яе дзеянне распаўсюджваецца і за межамі краіны. Так адбывалася на працягу амаль дваццаці гадоў (з 2003 года), аднак неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне - у красавіку 2022 года - Кіеў выйшаў з пагаднення з Беларуссю і Расеяй у такіх страхоўках.

А летась да яго далучыліся і іншыя еўрапейскія дзяржавы, зрабіўшы для Менска адтэрміноўку да 1 чэрвеня 2023 года. Менавіта з гэтай даты для беларусаў істотна скароціцца спіс краін, дзе выдадзеная ў РБ такая страхоўка будзе прызнавацца. Спыняцца ўзаемадачыненні ў рамках «зялёнай карты» паміж Беларуссю і больш чым трыма дзясяткамі дзяржаў Еўропы. Паколькі самі дамовы аб такім страхаванні грамадзянскай адказнасці афармляюцца на тэрмін ад 15 дзён да года, то фактычна беларускія страхоўкі ўжо перасталі быць актуальнымі пры выездзе з краіны за мяжу на сваім аўто.

Як пацвердзілі DW у адной са страхавых кампаній РБ, яны спынілі афармляць дамовы з «зялёнай картай» для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, з 17 траўня. Нават калі нехта з кіроўцаў і аформіў страхоўку на год наперад, у краінах ЕЗ яна з 1 чэрвеня стане несапраўднай. Цяпер уладальнікам зарэгістраваных у Беларусі аўтамабіляў давядзецца афармляць дамову памежнага страхавання непасрэдна пры ўездзе на тэрыторыю краіны-чальца ЕЗ (гэта могуць быць Польшча, Літва або Латвія). Тое ж самае тычыцца і транспартных сродкаў з Расеі, уладальнікі якіх маюць намер уехаць у Еўразвяз транзітам праз Беларусь.

Ці будзе ажыятаж на мяжы з надыходам лета?

Як расказаў жыхар Берасця Сяргей, які днямі выязджаў з Беларусі ў Польшчу, пакуль асаблівых перамен на памежным пераходзе ў польскім Тэрэспалі не назіраецца. «Разам з іншымі кіроўцамі я цікавіўся, як будзе афармляцца страхоўка і які кошт пытання, - дзеліцца Сяргей. - Усе ў курсе, што будуць змены. Аднак у пункце пропуску на польскім баку ёсць толькі адно месца, дзе можна купіць мясцовую «зялёную карту». Робіцца ўсё хутка - на працягу дзесяці хвілін, але гэта пакуль ахвочых няшмат. А што будзе з надыходам лета?».

Яшчэ адзін беларускі кіроўца Міхаіл паведаміў, што паспеў паразмаўляць на тэму страховак з польскім памежнікам: «Ён мне патлумачыў, што калі аўтамабіль заязджае ў Польшчу, то будуць патрабаваць наяўнасць страхавога поліса. Калі такога не будзе, то кіроўцу адправяць купляць ці вернуць аўто назад».

Паводле слоў Міхаіла, на польскім баку мяжы не выключаюць, што ў першых днях чэрвеня можа быць ажыятаж, калі кіроўцы-беларусы стануць купляць страхоўкі: «Тады збою аўто і чэргаў не пазбегнуць, але ёсць надзея, што страхавых бюро на памежным пераходзе адкрыецца больш». Дарэчы, зменіцца і спецыфіка працы страхавых агентаў у пункце пропуску ў Берасці. Цяпер яны будуць абслугоўваць не столькі беларусаў, якія адпраўляюцца за мяжу, колькі грамадзян ЕЗ, якія ўязджаюць у РБ і зараз абавязаны будуць набыць беларускі страхавы поліс.

У колькі каштавацьме страхоўка пры ўездзе ў ЕЗ?

Цяпер у пункце пропуску ў польскім Тэрэспалі кошт страхоўкі, якая з'яўляецца аналагам «зялёнай карты» для тых, хто ўязджае ў ЕЗ з Беларусі, складае ад 163 злотых у месяц (блізу 35 еўраў). Пры гэтым некаторыя страхавыя фірмы ў гарадах, размешчаных паблізу граніцы, прапануюць такія страхоўкі яшчэ танней - ад 140 злотых.

Як распавёў Міхаіл, шмат якія беларускія кіроўцы, ужо знаходзячыся ў Польшчы, прыцэньваюцца да розных тыпаў страхоўкі: «Усё залежыць ад тэрміну дзеяння. Калі афармляць поліс на працяглы перыяд, гэта можа быць больш выгадна, чым абнаўляць «зялёную карту». Пры мне кіроўца аўтамабіля на беларускіх нумарах за дамову памежнага страхавання заплаціў 600 злотых (132 еўры) на паўгода з магчымасцю ездзіць па ўсёй Еўропе». Для параўнання: афармленне «зялёнай карты» на гэты ж тэрмін абыходзіцца прыкладна 230 еўраў.

У прадстаўніцтве адной з польскіх страхавых кампаній DW растлумачылі, што кошт страхоўкі памежнага страхавання найбліжэйшым часам можа змяніцца. Рэч у тым, што зараз не ўсе фірмы ў ЕЗ выконваюць гэтую паслугу кіроўцам з Беларусі і Расеі - раней у гэтым не было асаблівай неабходнасці. «Самае важнае, што страхавы поліс неабходна аформіць адразу ж пры перасячэнні мяжы, а нашы правілы дзеяння страхоўкі і яе кошт не мяняюцца ў залежнасці ад нацыянальнасці кіроўцы», - адзначылі ў польскай кампаніі.

«Зялёную карту» можна аформіць онлайн, але ёсць нюанс

Яшчэ адным варыянтам, які дазваляе беларусам і расейцам скараціць час на мяжы пры афармленні дамовы страхавання грамадзянскай адказнасці на выпадак ДТЗ за мяжой, можа стаць купля «зялёнай карты» онлайн. Аднак гэты варыянт хавае ў сабе і негатыўныя моманты. Берасцеец Сяргей мяркуе, што далёка не ўсе беларусы знаёмыя з правіламі бяспечных купляў у інтэрнэце: «Я амаль упэўнены, што ў розных сацсетках і мэсэнджэрах з'явяцца прапановы онлайн-продажу еўрапейскіх страховак для расейцаў і беларусаў. Але ці ўсе стануць старанна правяраць: што за кампанія, якія дакументы прапануюць, куды ідзе аплата і іншае?».

У выніку гэта можа прывесці да таго, што набытая ў інтэрнэце страхоўка будзе падробленай і ніяк не абароніць кіроўцу ў выпадку ДТЗ за мяжой. Акрамя таго, ёсць вялікая рызыка атрымаць штраф ад паліцыі, калі яна высветліць, што страхоўка фальшывая. На думку Сяргея, тым, хто сумняваецца і тым, хто не хоча стаць ахвярай ашуканцаў, надзейней будзе афармляць страхоўку ў стацыянарных пунктах на мяжы.

Аднак асцерагаюцца падвоху не толькі кіроўцы, але і страхавальнікі. У польскай кампаніі звярнулі ўвагу на тое, што пры куплі страхоўкі онлайн ёсць магчымасць атрымаць яе ў электронным выглядзе, а аплату зрабіць пазней. «Можа ўзнікнуць сітуацыя, калі кіроўца з Беларусі атрымае страхоўку, уедзе з ёй у ЕЗ, але «забудзе» заплаціць», - удакладнілі ў страхавой кампаніі. Праўда, у такім выпадку пакупнік страхоўкі, напэўна, трапіць у чорны спіс і рызыкуе надоўга сапсаваць сваю візавую гісторыю, што ў будучыні можа абярнуцца праблемамі пры ўездзе не толькі ў Польшчу, але і ў іншыя краіны ЕЗ.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках