Актор Дзмітрый Назараў аштрафаваны за песню «Ці хочуць рускія вайны»
20- 5.04.2023, 19:31
- 24,554

Пасля пачатку ўварвання РФ ва Украіну актор рэгулярна публікуе антываенныя вершы і песні.
Суддзя Цвярскога раённага суда Масквы Алеся Арэхава аштрафавала народнага артыста Расеі Дзмітрыя Назарава на 50 тысяч рублёў згодна з пратаколам аб «дыскрэдытацыі» войска (артыкул 20.3.3 КоАП). Аб гэтым паведамляе карэспандэнт «Медиазоны» з залы суда.
Назараву паставілі ў віну ролік «Ці хочуць рускія вайны», апублікаваны на яго ютуб-канале. Сам актор на судзе не прысутнічаў і перадаў праз адваката, што сваёй віны не прызнае. Насуперак практыцы ўсіх папярэдніх такіх спраў, на паседжанні прысутнічаў пракурор Максім Дзёмін.
Экспэртамі ў справе актора выступілі Наталля Крукава і Аляксандр Тарасаў. Раней яны праводзілі даследаванні ў справах Юрыя Дзмітрыева, Уладзіслава Сініцы і «Сведкаў Еговы». Абаронца Назарава Ільнур Шарапаў палічыў іх экспэртызу недапушчальнай.
У сярэдзіне студзеня стала вядома аб звальненні Дзмітрыя Назарава і яго жонкі Вольгі Васільевай з Маскоўскага мастацкага тэатра імя Чэхава (МХТ). Пазней шлюбная пара ў інтэрв'ю журналістцы Кацярыне Гардзеевай распавяла, што спачатку кіраўнік МХТ Канстанцін Хабенскі прапаноўваў ім сысці ў «творчы водпуск», а пазней сказаў: «На жаль, я зрабіць нічога не магу, вам трэба звольніцца. Ці яны ў мяне забяруць рэзерв на 29 чалавек».
Пасля пачатку ўварвання Расеі ва Украіну Дзмітрый Назараў пачаў публікаваць на сваім ютуб-канале антываенныя вершы і песні.