26 красавiка 2024, Пятніца, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Хара: Наступствы дурной пастановы Пуціна адбіліся і на Кітаі

6
Аляксандр Хара: Наступствы дурной пастановы Пуціна адбіліся і на Кітаі
Александр Хара

АЛЯКСАНДР ХАРА Ёсць два негатыўныя для Пекіна сцэнары.

Навуковы супрацоўнік Інстытута даследаванняў нацыянальнай абароны і бяспекі ЗША Лян-Чы Эванс Чэн мяркуе, што Лукашэнка ездзіў у Пекін, каб ператварыць Беларусь у хаб для ваеннай дапамогі РФ. Наколькі верагодная сітуацыя, што кітайская зброя пойдзе праз Беларусь у РФ?

Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагутарыў з украінскім дыпламатам і палітолагам, экспертам фонду «Майдан замежных справаў» Аляксандрам Харам:

– Першай і галоўнай прычынай візіту Лукашэнкі ў Пекін было заручыцца падтрымкай, паколькі ён даўно спрабуе балансаваць паміж Кітаем і Расеяй, пасля таго, як у яго не засталося шляхоў на Захад. Таму эканамічная ды іншыя віды дапамогі ад Кітая яму неабходныя для таго, каб утрымацца ва ўладзе, не быць паглынутым Расейскай Федэрацыяй.

Наконт пастаўкі зброі – такая магчымасць сапраўды ёсць. Сігналы, якія мы чуем ад выведнай супольнасці Злучаных Штатаў, гэта пацвярджаюць. На гэты момант Сі Цзіньпін узважвае два не вельмі добрыя для сябе сцэнары. Першы – нічога не рабіць, не падтрымліваць свайго малодшага партнёра Пуціна, тады ён не зможа на прымальных для Расеі ўмовах закончыць гэтую вайну. Адпаведна негатыўныя наступствы для РФ, гэта значыць яе фактычны сыход з геапалітычнай сцэны, канцэнтрацыя ўсіх рэсурсаў Захаду на Кітаі – гэта Пекіну не трэба.

З іншага боку, Сі Цзіньпін можа выбраць падтрымку Пуціна, даўшы яму дроны, ракеты, боепрыпасы, якія неабходныя Расеі, каб весці вайну такой самай інтэнсіўнасці, якую мы бачылі да апошняга моманту. Гэта азначае цалкам «пабіць гаршкі» з амерыканцамі і выклікаць негатыўную рэакцыю не толькі амерыканцаў, але і еўрапейцаў.

Адпаведна гэта будзе азначаць дадатковыя абмежаванні ў экспартным кантролі, гэта значыць чыпы, тэхналогіі ды ўсё такое, дадатковыя санкцыі на кітайскія кампаніі, магчымае выцясненне кітайскіх кампаній з заходніх рынкаў. Для Кітая надзвычай важныя амерыканскі і еўрапейскі рынкі. Таксама ёсць сур'ёзныя сацыяльныя і эканамічныя праблемы ў КНР, краіна яшчэ не канчаткова выйшла з гэтай кавіднай сітуацыі. Мы бачылі, што летась рост ВУП быў на ўзроўні 3%, а не двухзначных лікаў, як гэта было некалькі дзесяцігоддзяў запар. Налета прагназуецца толькі 5% росту ВУП.

Груба кажучы, Сі Цзіньпін павінен абраць альбо стабільнасць свайго рэжыму ў цяперашніх цяжкіх умовах, альбо пагоню за эфемернымі геапалітычнымі выгодамі, якія могуць павярнуцца больш сур'ёзнымі праблемамі. Таму магчымасць вылучэння дапамогі Расеі з боку Кітая застаецца, але гэта будзе мець больш негатыўныя наступствы ў стратэгічнай перспектыве для Кітая, чым параза РФ.

Ёсць трэці шлях, яны спрабуюць гэта рабіць, гэта так званы мірны план, які ўвогуле не пра Украіну. У першую чаргу – ён пра Кітай і Злучаныя Штаты, таму што большасць асноўных пунктаў кажуць пра доступ Кітая да эканамічных, фінансавых і тэхналагічных рэсурсаў Захаду, а Украіна там згадваецца мімаходзь. Таму спроба замарозіць канфлікт – гэта тое, што будуць цяпер спрабаваць зрабіць кітайцы і, магчыма, расейцы, паколькі разумеюць, што ў іх няма магчымасці пераламаць ход вайны. Калі ў іх атрымаецца захапіць Бахмут, то гэта можна будзе прадаць расейскаму плебсу як вялікую перамогу. Адпаведна ў гэты момант усякія заходнія «міратворцы» пачнуць гаварыць пра неабходнасць спынення агню і пачатак дыпламатычных перамоваў, а Кітай, натуральна, са сваімі ідэямі будзе даволі зручным для Масквы.

– Якія санкцыі могуць быць накладзеныя на рэжым Лукашэнкі, калі Беларусь надумаюць выкарыстоўваць у якасці абыходнага шляху для паставак узбраення з Кітая ў Расею?

– Я не ведаю, якія яшчэ санкцыі могуць быць накладзеныя на Беларусь, беручы да ўвагі, што яна ўжо даўно ў розных санкцыйных спісах. Як для Расеі, на якую накладзеная беспрэцэдэнтная колькасць абмежаванняў, так і для Беларусі, пытанне не ў санкцыях, а іх выкарыстанні. Тая ж Масква абмяркоўвае з Тэгеранам не «Шахеды» ды іншую падтрымку, якую можа даць Іран, а ягоныя глыбокія веды, якім чынам можна пераадольваць заходнія санкцыі. Мне здаецца, можна ўвогуле не ўводзіць дадатковыя санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і Пуціна, але прыкласці намаганні, каб усё тое, што было прынята, рэалізоўвалася хоць бы на 99,9%.

Мы бачым, што расейцы фактычна стварылі ценевы флот для таго, каб вазіць сваю нафту. Гэта тая рэч, з якой варта змагацца, паколькі большая частка карабельных кампаній, якая раней абслугоўвала РФ, адмовілася ад гэтага, баючыся розных наступстваў. Таму Расеі стала цяжэй прадаваць сваю нафту, але ўсё роўна такая магчымасць засталася. Тое самае можна гаварыць і пра Беларусь, таму больш важнае пытанне, чым увядзенне дадатковых санкцый, гэта выкананне тых, што ўжо накладзеныя.

– Распаўсюджанае меркаванне, што Кітай займаецца доўгатэрміновым планаваннем сітуацыі. Як можа Пекін бачыць свае стасункі з РФ, Еўропай і ЗША праз доўгі перыяд часу, да прыкладу – 20 гадоў?

– Складана сказаць, наколькі яны здольныя ў такой доўгай перспектыве прагназаваць нешта, паколькі тое, што здзейсніў Пуцін 24 лютага 2022 года, было складана спрагназаваць. Пуцін зрабіў велізарнае геапалітычнае глупства, перш за ўсё – для Расеі, яно яшчэ даканае Расею. Яшчэ на нашым веку мы ўбачым крах Расейскай Федэрацыі. У любым выпадку Пуцін падарваў любыя геапалітычныя перспектывы РФ увогуле – і ў дэмакратычным плане, і ў тэхналагічным, і ў эканамічным. Такое было складана спрагназаваць, раней Пуцін дзейнічаў больш разумна з гледзішча рэалізацыі сваіх інтарэсаў на постсавецкай прасторы.

Гэта нельга было прадказаць, адпаведна наступствы такой дурной пастановы (напад на Украіну – рэд.) адбіліся і на Кітаі. Мы бачым, што ЗША гатовыя вылучыць больш зброі Тайваню, праводзіць супольныя вучэнні, перапрацоўваюць планы, беручы да ўвагі ўкраінскі досвед, якім чынам можна Тайвань абараняць.

Адпаведна, еўрапейскія краіны ўжо больш прыслухоўваюцца да меркавання Злучаных Штатаў, разумеючы, што Кітай можа паспрабаваць сілавым метадам развязаць тайваньскае пытанне. Таму мы бачым абмежаванні, якія ўводзяцца. Літаральна пару дзён таму Нямеччына пастанавіла забараніць выкарыстанне тэхналогій 5G кітайскай вытворчасці. Гэта даволі паказальная рэч, паколькі для Нямеччыны Кітай з'яўляецца надзвычай важным рынкам.

Таму прадказаць гэта складана. Адназначна, што ў Пекіне хочуць, каб 21-е стагоддзе было стагоддзем Кітая. Прынамсі Сі Цзіньпін на сваім веку хоча развязаць пытанне з Тайванем, паставіць кропку ў грамадзянскай вайне, паказаць, што ёсць толькі адзін Кітай, адна эканамічная сістэма, ніякіх альтэрнатыўных і дэмакратычных няма. Таму яны рыхтуюць свае ўзброеныя сілы да магчымага сілавога захопу Тайваня.

Другі момант – летась і залетась было беспрэцэдэнтнае павелічэнне разнастайных правакацыйных акцый з боку мацерыковага Кітая. Гэта і аблёты ідэнтыфікацыйнай зоны СПА Тайваня, гэта і ўваходжанне ў тэрытарыяльныя воды. Збольшага Пекін усё больш паказвае сілавы кампанент і спрабуе запалохаць Тайвань. Кітай будзе імкнуцца засяродзіць свае рэсурсы для таго, каб развязаць гэтую праблему і, уласна, стаць сусветным геапалітычным цэнтрам.

З іншага боку, трэба развязваць эканамічныя праблемы, якія назбіраліся ці з'явіліся ў выніку самой палітычнай сістэмы. Надзвычайная вертыкальная інтэграцыя гэтай улады і некаторыя амбіцыі прывялі да вялікіх праблемаў у эканоміцы. Я ўжо не кажу, што ў сувязі са змяншэннем узаемадзеяння Амерыкі і Еўропы з Кітаем, у апошняга будзе ўсё менш магчымасцяў назапашваць рэсурсы.

Таму ў Кітаі будуць імкнуцца ісці гэтым шляхам, гэта значыць кансалідацыі, хутчэй за ўсё – захопу Тайваня. Але, адпаведна, такое дзеянне выкліча супрацьдзеянне і аб'яднанне ў пэўныя рэгіянальныя хаўрусы, як чацвёрка QUAD, у якую ўваходзіць Індыя ці AUKUS, дзе брытанцы, амерыканцы і аўстралійцы. Плюс непасрэднае двухбаковае супрацоўніцтва Злучаных Штатаў з той самай Паўднёвай Карэяй, Японіяй. Мілітарызацыя Японіі – гэта, дарэчы, таксама феномен апошняга года. Усе гэтыя рэчы паказваюць, што на ўсе планы Пекіна ёсць контрзахады і спробы стрымаць ягоную агрэсіўную палітыку ў рэгіёне.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках