Беларус павінен кампенсаваць прадпрыемству 59 тысячаў рублёў за «нядбайнае» стаўленне да працы
37- 30.03.2023, 20:44
- 39,496

Яму давядзецца амаль тры гады працаваць бясплатна.
Сярэдні заробак у Беларусі за люты склаў 1,7 тыс. рублёў. Калі герой нашага тэксту атрымлівае хоць бы столькі, то яму давядзецца амаль тры гады працаваць бясплатна, піша «Анлайнер».
Гісторыя з Чавускага раёна. Былы дырэктар прадпрыемства «Сасновы бор г. Чавусы» з імем Г. павінен пакрыць 59 тыс. шкоды, прычыненай нядбайным стаўленнем да працы. Займаючы пасаду кіраўніка, мужчына дапусціў падзеж 117 галоваў буйной рагатай жывёлы на ферме ў аграгарадку Ваўковічы.
Што значыць нядбайна ставіўся да працы? Адказ можна знайсці ў паведамленні Генпракуратуры:
«Ён не прыняў неабходных захадаў:
для нарыхтоўкі і набыцця дастатковай колькасці кармоў для БРЖ,
укамплектавання пасады галоўнага ветэрынарнага лекара прадпрыемства (пасада была вакантная больш за 2 гады),
лячэння і абследавання жывёлаў,
а таксама вызначэння прычынаў іх падзяжу.
Акрамя таго, адказчык як дырэктар не пракантраляваў дакладнасць звестак, якія ўносілі загадчыкі малочнатаварных фермаў і комплексу ў справаздачы аб руху жывёлы і птушкі за студзень – люты 2021 года, што не дазволіла своечасова выявіць непрадукцыйнае выбыццё буйной рагатай жывёлы і ўжыць захады для яго прадухілення ў далейшай працы жывёлагадоўчых падраздзяленняў прадпрыемства».
Пастанову аб неабходнасці спагнаць з Г. на карысць ААТ «Сасновы бор г. Чавусы» 59 тыс. рублёў прыняў суд Чавускага раёна. Яна яшчэ не набыла законнай моцы, яе можна абскардзіць і апратэставаць.