Зняволеным забаранілі размаўляць з Паўлам Севярынцам
6- 30.03.2023, 16:59
- 8,156

На царкоўныя службы ў шклоўскай калоніі, якія наведвае палітвязень, пачалі прыходзіць міліцыянты.
Улады ўзмацнілі ціск на аднаго з лідараў беларускай апазіцыі, палітвязня Паўла Севярынца.
Пра гэта распавёў адзін з былых вязняў калоніі на ўмовах ананімнасці, піша сайт ПЦ «Вясна».
«Вязні неяк паскардзіліся адміністрацыі, што Павал Севярынец у царкве збірае гурткі палітвязняў на беларускай мове. Пасля гэтага на царкоўныя службы пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі. Ідзе служба, а ў іх рацыя гарлапаніць і яны жуюць семкі.
Севярынца не чапалі да лета 2022 года. Потым чулі, што і ў атрадзе, і ў ШІЗА забаранілі ўсім мець стасункі з ім. Але Павал заўсёды размаўляў па-беларуску», - сказаў зняволены.
Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года, калі ён вяртаўся з пікету Ціханоўскай на Камароўцы. Спачатку некалькі разоў давалі суткі, а потым стала вядома аб крымінальнай справе.
Амаль праз год, 25 траўня 2021-га, яго прысудзілі да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пакаранне Павел адбывае ў шклоўскай калоніі.
Ён адбываў пакаранні і раней: з 2005-га да 2007-га і з 2010-га да 2013 года, тады ён быў прысуджаны да «хіміі».