ГУР: Незадаволенасць у РФ расце з кожным «чорным мяшком»
6- 30.03.2023, 15:47
- 10,534

Украінская выведка расказала, калі ў расейцаў скончыцца «неаімперскі чад».
Украінская выведка паведамляе, што незадаволенасць у Расеі расце з кожным новым грузам з «чорнымі мяшкамі». У той жа час ГУР Мінабароны Украіны папярэджвае, што незадаволенасць не абавязкова перарасце ў пратэсты.
Пра гэта паведаміў прадстаўнік Галоўнай управы выведкі Мінабароны Андрэй Чарняк у інтэрв'ю «Укрінфарм».
«Незадаволенасць у расейскіх так званых суб'ектах Федэрацыі ўзмацняецца з кожным новым грузам з «чорнымі мяшкамі», - сказаў ён.
Чарняк дадаў, што выведка фіксуе рост незадаволенасці сярод насельніцтва РФ, але пратэсты не з'яўляюцца непазбежнымі.
«Аб непазбежнасці пратэстаў пакуль не дазваляе гаварыць з аднаго боку прапагандысцкі ўплыў, а з другога - страх рэпрэсій праз актыўныя паліцэйскія меры, якія Крэмль узмацніў, каб пазбегнуць супраціўлення падчас мабілізацыі», - сказаў ён.
Чарняк таксама адзначыў, што падзенне падтрымкі расейцамі дзеянняў дыктатара Уладзіміра Пуціна можа адбыцца пасля сыходу ці смерці кіраўніка краіны-агрэсара.
«Ліквідацыя дыктатара можа прывесці да таго, што большасць расейскага насельніцтва, якое ў неаімперскім чадзе падтрымлівала агрэсіўную вайну і ваенныя злачынствы супраць украінскага народа, стане біць сябе ў грудзі і клясціся ў вечнай апазіцыйнасці рэжыму», — сказаў ён.