29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ядзерны набой для нашых дзьмухаўцоў

11
Ядзерны набой для нашых дзьмухаўцоў
Уладзімір Халіп

Расеі да зарэзу неабходна нешта надзвычайнае.

Савецкая ўлада так і не змагла прывучыць сваіх грамадзян да баракаў і камуналак. Нават ГУЛАГ тут нічым не дапамог. І ўсе казкі пра белага бычка і шчаслівае жыццё на агульнай кухні поспеху не мелі. Людзі непапраўныя. І кожнага цягне ў сваё жытло. У асобную кватэру. Або ў свой дом. Каб прачнуўшыся раніцай можна было расхінуць акно і пачуць спевы птушак, а заадно ўбачыць старанна дагледжаны лужок, ці проста звычайную сцяжынку, якая сыходзіць да берага возера. І каб абавязкова луг у дзьмухаўцах. Васількі ў чыстым полі. І ўсё такое іншае. Каму гэта перашкаджае?

Але савецкая ўлада, якая ўжо даўно змяніла камуфляж, але запал да мадэлявання прыватнага жыцця сваіх падданых захавала, усяго гэтага трываць не можа. І таму яна імкнецца з усіх сіл сапсаваць людзям жыццё. Логіка простая. Начальніка, які займаецца развязаннем паўсядзённых праблем народнага побыту, хто ўспомніць? А вось якога-небудзь таварыша Пуціна, нястомнага пераўтваральніка прыроды і палкаводца ў сумяшчальніцтве, доўга яшчэ будуць згадваць. Такія людзі, вылучэнцы часцей за ўсё, трываць не могуць руціны. Усякія там абавязкі ў труне яны бачылі. А вось свае пагрозы і падступныя задумы не забываюць ніколі. Колькі такіх злапомных было толькі на нашай памяці! Ды што тамака мінулае. Варта толькі азірнуцца вакол - паноптыкум, серпентарый.

А тут яшчэ ордэр з крымінальнага суда прыляцеў раптоўна. Ці можа нікчэмная асоба, якая ўжо даўно прабілася ў вялікія правадыры, захаваць раўнавагу пры такім раскладзе? Ды ні ў якім выпадку! Вось і пачынае такі курдупель круціць. І сродкаў асаблівых не выбірае. Ідзе напралом. Страчваць яму ўжо няма чаго. А роля неўтаймоўнага самадура ці проста арыгінала можа часам прынесці і нейкія дывідэнды. Калі вельмі пашанцуе.

Здавалася б, паспеў даўно ўжо ўсім насаліць звыш меры. Але яму яшчэ мала. Чамусьці прыгадаў раптам пра Беларусь. Магчыма, Украіна зусім дапякла. І першая думка на гэты конт была простая і зразумелая: а чым бы яшчэ з суседзямі падзяліцца? Думаць доўга не давялося. Ведама ж, зброяй! І не проста нейкай там старызнай - ядзернай. А каб не перадумаць раптоўна, выклікаў кішэннага журналіста. Быццам той наважыўся ў правадыра інтэрв'ю ўзяць. І перад камерамі не толькі выклаў сваю крэатыўную думку аб ракетах у агародзе суседа і супольніка, але і абгрунтаваў прычыну раптоўнай шчодрасці.

«Мы ўжо дапамаглі беларусам - пераабсталявалі самалёты, дзесяць самалётаў гатовыя для выкарыстання тактычнай зброі, перадалі «Іскандэры», з 3 красавіка пачынаем будаўніцтва сховішча для ядзернай зброі». Зразумела, усё гэта будзе ўласнасцю Расеі. Яе войскі будуць кіраваць гэтай зброяй. І прымяняць яе на каманду з Масквы. А Беларусі дастануцца наступствы выкарыстання такой зброі. Проста на здзіўленне выгадная ўгода. І як гэта мясцовай уладзе ўдалося пракруціць такое?

Бункерны дабрадзей да крайнасці абураны Вялікай Брытаніяй. Яна наважылася паставіць Украіне 18 танкаў Leopard 2, а ў дадатак яшчэ і набоі да іх са стрыжнямі са збедненага ўрану. Як тут не абурыцца і не абвінаваціць калектыўны Захад у незаконным распаўсюджванні ядзернай зброі. І вось ён пазуе перад тэлекамерамі і нішчыць сваіх незлічоных ворагаў. Як адважыліся, гэта ж грубае парушэнне ўсім вядомай дамовы аб нераспаўсюджанні!

І не знайшлося ў наваколлях яго стратэгічнай схованкі якога-небудзь прапаршчыка або сяржанта, якія маглі б на пальцах яму растлумачыць, што гэты падкаліберны набой да ядзернай зброі ніякага дачынення не мае. Але наўрад ці такая інфармацыя там нешта зменіць. Зусім іншыя ў яго клопаты.

Расеі дужа патрэбнае нешта надзвычайнае. Прыгнаць будаўнічую тэхніку да мяжы з NАТО, раскалупаць чужую зямлю, навярнуць бетону, а потым яшчэ завезці ядзерныя набоі - гэта ж так файна! І лепшы спосаб адцягнуць увагу ад відавочнай няўдачы даўно абяцанага расейскага наступу ва Украіне. Кожнаму зразумела, што гэты фокус з тактычнай ядзернай зброяй - чыстая авантура.

А яшчэ - нахабная спроба зрабіць заходнім суседзям вялікую подласць. Ударыць раптоўна і адысці ўбок: мы тут не прычым, запуск быў не з расейскай тэрыторыі. Так непрыкметна, быццам няўзнак, падставіць беларусаў. Амаль як з чарнобыльскім воблакам, якое пасля той злавеснай катастрофы без лішняга шуму пасадзілі нам на галовы.

Толькі будучую катастрофу, якую так бесцырымонна закладваюць у гэтыя дні, нават параўноўваць недарэчна з той, амаль забытай. Тады кінадакументалісты «Летапісу» здымалі гэтае бедства. І вясковыя жанчыны, пакідаючы свае хаты ў той зоне, якая раптам узнікла, ці то спявалі, ці то маліліся журботна: «Пранясі, Божа, хмару!» Яны яшчэ спадзяваліся, што вернуцца ў свае хаты. І нікому з іх не сказалі ўлады, што гэта назаўжды.

А на гэты раз, калі не спыняць бункернага правадыра, не застанецца нават надзеі на вяртанне. Таму што нешта падобнае да ашалелага рэактара, будуць ужо будаваць упэўнена і безаглядна. Пад вакном у кожнага. На вашых дагледжаных газонах. Ля сцяжынкі, якая вядзе да вашага возера. На пляцоўцы, дзе гуляюць вашыя дзеці. Бо да нас прыйшоў чалавек з бункера.

І ніхто яго пакуль не спыніў.

Уладзімір Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках