Пракурор запытаў для Валерыя Цапкалы 19 гадоў калоніі
24- 29.03.2023, 18:29
- 11,926

Завочны працэс над палітыкам пачаўся 1 сакавіка.
У Менску працягваецца разгляд крымінальнай справы прэтэндэнта ў кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Валерыя Цапкала. 29 сакавіка прайшлі спрэчкі бакоў.
Пракурор папрасіў суд прызнаць палітыка, якога судзяць завочна, вінаватым і прызначыць яму 19 гадоў пазбаўлення волі са штрафам 1000 базавых адзінак (37 000 рублёў).
Нагадаем, завочны працэс над былым кіраўніком Парка высокіх тэхналогій Валерыем Цапкалам пачаўся 1 сакавіка. Яго судзяць як за дзеянні, нібы ўчыненыя ім яшчэ на пасадзе дырэктара Парка высокіх тэхналогій, так і за палітычную дзейнасць.
Выніковае абвінавачанне Валерыю Цапкалу было выстаўленае паводле дзявяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
атрыманне хабару ў асабліва значнай суме (ч.3 арт.430);
злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі з карыслівай і асабістай зацікаўленасці, якое прывяло да прычынення шкоды ў значнай суме, істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам (ч.2 арт.424);
загадзя ілжывы данос аб учыненні злачынства (ч.1 арт.400);
публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч.3 арт.361);
стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім (ч.1 арт.361-1);
фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (ч.2 арт.361-2);
паклёп на Аляксандра Лукашэнку (ч.2 арт.367);
публічная абраза Лукашэнкі (ч.2 арт.368);
дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт.369-1).