11 кастрычнiка 2024, Пятніца, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нельга аслабляць хватку на шыі Лукашэнкі

6
Нельга аслабляць хватку на шыі Лукашэнкі
АРЦЁМ ЧЭРНІКАЎ

Патрэбныя рэальныя дзеянні, якія прывядуць да падзення злачыннага рэжыму.

Магчымыя выключэнні з санкцый для беларускіх угнаенняў, якія сёння актыўна абмяркоўваюцца сярод краін Еўрапейскага Звязу, могуць прывесці да катастрофы для беларусаў і ўкраінцаў. Грашовыя плыні ад угнаенняў заўсёды былі і дагэтуль з'яўляюцца адной з асноўных крыніц фінансавання нелегітымных беларускіх уладаў.

Акрамя таго, што новыя санкцыі не ўводзяцца, захаванне раней уведзеных не кантралюецца. Гэта сапраўдная здрада дэмакратыі. Беларусы ў 2020 годзе выйшлі на вуліцы, каб абараніць сваю свабоду, але магчымае спыненне падтрымкі беларускага народа — гэта спыненне абароны дэмакратыі, за якую сёння ваюе і Украіна.

Актыўная падтрымка Украіны патрабуе ўзмацнення ціску на расейскі рэжым і яго хаўруснікаў. Прынамсі, на расейскі плацдарм на тэрыторыі Беларусі. У адваротным выпадку адбываецца тое, што мы адной рукой ваюем супраць дыктатур, а другой - кормім рэжымы, паслабляючы ціск.

На сёння Лукашэнка толькі пагаршае сітуацыю і дакладна не заслугоўвае якіх-небудзь патуранняў, а нават наадварот - максімальнага санкцыйнага ціску. Палітычныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека працягваюцца, а сітуацыя ў краіне становіцца ўсё больш напружанай. Ужо не праходзіць ніводнага дня без затрыманняў. Лічбы шакуюць ва ўсіх гарадах - рахунак вядзецца на дзясяткі чалавек за дзень, адпаведна, расце і колькасць палітвязняў. Паслабленне санкцый будзе азначаць, што міжнародная супольнасць адмаўляецца ад сваёй падтрымкі беларускаму народу, які працягвае змагацца за свае правы і свабоды. Не гаворачы ўжо аб тым, што наданне тэрыторыі Беларусі для знаходжання там акупацыйных войскаў і шматлікія запускі ракет у бок Украіны чамусьці застаюцца беспакаранымі.

Не варта таксама забываць, што санкцыі павінны ўводзіцца не ў якасці адмашкі, накшталт забароны ўезду ў якую-небудзь цывілізаваную краіну, а патрэбныя рэальныя дзеянні, якія прывядуць да падзення злачыннага рэжыму. Кропкавая і супольная праца беларускага дэмакратычнага грамадства і краін ЕЗ у галоўных кірунках не толькі дапаможа пазбавіцца ад Лукашэнкі, але і не дазволіць міжнароднаму злачынцу Пуціну абыходзіць санкцыі, уведзеныя супраць Расеі, праз Беларусь, як гэта было раней. Усе мы памятаем і беларускія ананасы, і крэветкі з Менскага мора.

Агулам, санкцыі - гэта важны інструмент у барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека, і іх выкарыстанне павінна быць абдуманым і мэтанакіраваным. Неабходна заахвочваць дэмакратычныя рэформы, падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і абараняць правы чалавека. Толькі тады можна дасягнуць сапраўднага прагрэсу і стварыць стабільнае, свабоднае грамадства ў цэлым рэгіёне.

І напаследак, захаванне санкцый супраць беларускіх угнаенняў і ўвядзенне новых з'яўляецца неабходным, каб не толькі захаваць эканамічны ціск на рэжым Лукашэнкі, але і падтрымаць беларускі народ, які нястомна працягвае барацьбу, нягледзячы на ўсе выпрабаванні. Мы працягваем бачыць санкцыі як інструмент, які рэальна цісне на рэжым Лукашэнкі і можа прымусіць яго здацца.

Жыве Беларусь!

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках