1 траўня 2024, Серада, 19:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Лукашэнка хацеў стаць «малпай з гранатай»

33
Наталля Радзіна: Лукашэнка хацеў стаць «малпай з гранатай»
Наталля Радзіна

Аднак пасля пастановы Пуціна поле для манеўру дыктатара толькі звузілася.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна пракаментавала для ўкраінскага радыё «Radio New Voice» заяву Пуціна аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі.

Журналістка згодна з меркаваннем амерыканскага гісторыка Юрыя Фельшцінскага, які мяркуе, што ёсць пагроза нанясення ядзернага ўдару па краінах ЕЗ з тэрыторыі Беларусі:

- Мы ведаем, што гэтай ядзернай зброяй будзе распараджацца расейскае кіраўніцтва. Яна не перадаецца непасрэдна ва ўладанні Лукашэнку. Таму ён страчвае ўвогуле якія-небудзь магчымасці для манеўру ў гэтай сітуацыі. Мы даўно казалі пра тое, што Лукашэнка ўжо нічога не вызначае сёння ў Беларусі, што расейскія вайскоўцы сёння робяць у Беларусі ўсё, што яны захочуць, яны не падпарадкоўваюцца беларускаму камандаванню, падпарадкоўваюцца выключна свайму расейскаму Генеральнаму штабу. А зараз яшчэ будзе размешчаная ядзерная тактычная зброя, якая таксама будзе кіравацца Крамлём.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што Лукашэнка атрымаў не тое, чаго чакаў:

- Ён хацеў распараджацца гэтай зброяй, бо гэта б узмацніла ягоныя пазіцыі. То бок, гэта была б такая малпа з гранатамі, у дадзеным выпадку - з ядзернымі ракетамі, і гэта б умацоўвала ягоную дыктатуру. У гэтай сітуацыі ўсё толькі ўзмацняе яго залежнасць ад Крамля.

Беларусы, на думку Наталлі Радзінай, цудоўна разумеюць, што ядзерная зброя нясе пагрозу для іх краіны:

— Калі гэтая ядзерная зброя будзе ўжытая, будуць нанесеныя ўдары ядзернымі тактычнымі ракетамі па Украіне, значыць, можа быць нанесены ўдар у адказ і па беларускай тэрыторыі. І беларусы гэта выдатна ўсведамляюць. Яны выдатна разумеюць, што дыктатар ашалеў настолькі, што сёння падставіў уласнае насельніцтва пад ядзерны ўдар.

Беларуская журналістка мяркуе, што трэба пазбавіцца ілюзій аб тым, што з Лукашэнкам можна пра нешта дамовіцца:

- Крок Пуціна аб размяшчэнні ядзерных ракет у Беларусі пацвярджае яшчэ раз, што Лукашэнка сёння абсалютна не кіруе сітуацыяй у краіне, што краіна па сутнасці акупаваная сёння Расеяй. І таму тут трэба пазбавіцца гэтых усіх ілюзій і толькі ўзмацняць санкцыі супраць беларускай дыктатуры.

Наталля Радзіна адзначае, што ёсць пагроза зняцця санкцый з беларускага калію, што можа значна ўзмацніць рэжым Лукашэнкі:

- Гэта дасць дыктатуры мільярды, якія пойдуць толькі на ўмацаванне сілавога апарата, на ўзмацненне рэпрэсій, а таксама на ўтрыманне інфраструктуры для тых жа расейскіх вайскоўцаў, якія сёння знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. А іх сёння дзясяткі тысяч. Таму што яны ўвесь час прыбываюць, навучаюцца на ўсіх беларускіх палігонах, затым едуць у Расею, прыбываюць новыя. Вось зараз у Расеі праходзіць новая хваля мабілізацыі вайскоўцаў, і яны ўсе будуць навучацца на тэрыторыі Беларусі.

Ці можа Лукашэнка шантажаваць Захад, калі на тэрыторыі Беларусі з'явіцца ядзерная зброя? Беларуская журналістка выказала меркаванне, што нават у гэтай сітуацыі ў дыктатара няма свабоды выбару:

- Зыходзім з таго, што пакуль гэтыя ракеты не перадаюцца непасрэдна беларускім уладам. Гэта значыць, яны будуць належаць Расеі. А магчымасці якраз Лукашэнкі ў гэтай сітуацыі, у тым ліку — і для шантажу Захаду, вельмі абмежаваныя. Таму што ўсім становіцца чарговым разам відавочны той факт, што Лукашэнка - гэта марыянетка Крамля, што ён не ў стане распараджацца нічым сёння на тэрыторыі Беларусі, уключаючы і расейскую ядзерную зброю. Таму, безумоўна, з аднаго боку, вядома, будуць нейкія спробы гандлю, ён можа казаць пра тое, што «я змагу нейкім чынам паўплываць». Але мы ўжо ўбачылі 24 лютага 2022 года. Напярэдадні беларускія чыноўнікі запэўнівалі ўкраінскія ўлады, што з тэрыторыі Беларусі не будзе нападу на тэрыторыю Украіны. І што адбылося 24 лютага 2022 года? Дзе Лукашэнка? Дзе ягоныя чыноўнікі, якія запэўнівалі, што гэтага не адбудзецца? Гэта тая самая сітуацыя. Нічога ад Лукашэнкі сёння ў Беларусі не залежыць.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках