1 траўня 2024, Серада, 20:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Лідай, Мачулішчамі ці Баранавічамі: дзе могуць пабудаваць сховішча ядзернай зброі

23
Пад Лідай, Мачулішчамі ці Баранавічамі: дзе могуць пабудаваць сховішча ядзернай зброі

У Беларусі ёсць некалькі дзейных ваенных аэрадромаў, а таксама старыя аб'екты, якія засталіся з часоў СССР.

Пуцін абвясціў аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Паводле ягоных слоў, да 1 ліпеня ў Беларусі павінны дабудаваць сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Дзе будзе тое сховішча, невядома.

Таксама гаспадар Крамля паведаміў, што ў Беларусі, каб несці такую зброю, ёсць 10 самалётаў і ракетныя комплексы «Іскандэр». «Радыё Свабода» паглядзела, дзе можа размясціцца сховішча для тактычнай ядзернай зброі, калі яе пабудуюць.

Тактычную ядзерную зброю могуць несці як самалёты, на якіх ёсць адпаведныя ракеты, так і расейскія наземныя ракетныя комплексы «Іскандэр», таму асноўныя пункты, дзе могуць зрабіць сховішча, - вайсковыя аэрадромы і месцы дыслакацыі ракетных войскаў, якія могуць карыстацца «Іскандэрамі».

Аэрадромы і базы

Ліда (53.88345366710936, 25.36996350412646)

Пералічваць месцы дысьлякацыі будзем ад найбольш імавернага варыянту да найменш імавернага. Паводле дадзеных супольнасьці «Беларускі Гаюн», якая маніторыць вайсковую актыўнасьць у Беларусі, пад магчымасьць несьці ядзерную зброю мадэрнізавалі зьнішчальнікі Су-25, якія базуюцца на аэрадроме ў Лідзе. Ад пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны гэты аэрадром выкарыстоўваецца рэгулярна.

Гэта адзін з найстарэйшых вайсковых аэрадромаў у Беларусі.

Мачулішчы (53.786044514044626, 27.579398136228612)

У невялікім пасёлку пад Менскам — адзін з самых вялікіх вайсковых беларускіх аэрапортаў. Тут базуюцца расейскія зьнішчальнікі МІГ-31К, здольныя несьці гіпэргукавыя ракеты «Кінжал». Тут жа базаваўся самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня ДРЛО А-50У. Па зьвестках ByPol, гэты самалёт атакавалі дронамі беларускія партызаны. Яго пашкодзілі, і цяпер самалёт на рамонце ў Расеі. Аэрадром здольны прымаць як вайсковыя, так і цывільныя самалёты.

Баранавічы (53.0977586109593, 26.043444585429263)

Яшчэ адзін вайсковы аэрадром Беларусі, які расейскія войскі актыўна выкарыстоўваюць у вайне супраць Украіны. Паводле пляну ўладаў Расеі і Беларусі, на гэтым аэрадроме маюць рыхтаваць спэцыялістаў па абслугоўваньні зьнішчальнікаў Су-30СМ. Пра іх мадэрнізацыю для магчымасьці несьці ядзерную зброю згадвалі беларускія спэцыялісты.

За 10 кілямэтраў ад вайсковага аэрадрому Баранавічаў — колішняе сховішча ядзерных зарадаў. У 90-я гады яго канчаткова закрылі, цяпер там закінутая тэрыторыя. Ці можна за кароткі час адрамантаваць такое сховішча, невядома.

Балбасава (54.441897621272524, 30.297385392105628)

Гэта дзейны вайсковы аэрадром, ён у Аршанскім раёне Віцебскай вобласьці.

Бабровічы (52.28005178422535, 29.359134899600814)

Авіябаза за 100 кілямэтраў ад мяжы з Украінай. Да пачатку вайны Расеі супраць Украіны амаль не выкарыстоўвалася і лічылася нядзейнай, цяпер выкарыстоўваецца расейскімі войскамі.

Побач з аэрадромам «Бабровічы» — зона, дзе за савецкім часам разьмяшчаліся ядзерныя боепрыпасы. Як мяркуецца, магутнасьць авіябомбаў, якія там захоўваліся, складала 150–300 кілятон.

Апошнія здымкі з гэтай базы датаваныя 2016 годам, тады ў былых ангарах вырошчвалі грыбы-вешанкі.

Бабруйск (53.110686106676276, 29.227441918057878)

Гэты вайсковы аэрадром таксама мае статус запаснога. Яшчэ ў 2020 годзе аэрадром прастойваў. Расея зьбіралася стварыць на аснове гэтага аэрадрому базу вайскова-касьмічных сілаў і дысьлякаваць на ім да 12 баявых самалётаў. Тады гэтыя пляны так і не ўвасобіліся ў жыцьцё.

Вёска Цэль (53.39719976193135, 28.473382694332127)

Гэты населены пункт знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці. Менавіта тут базуецца 465-я ракетная брыгада, яна знаходзіцца ў вайсковай частцы 61732. Якраз ім, найпраўдападобней, перадалі расейскія комплексы «Іскандэр», якія могуць несьці тактычны ядзерны зарад.

Такая інфармацыя зьявілася ад каманды праекту «Беларускі Гаюн».

Старыя ядзерныя сховішчы савецкага часу

У 2021 годзе, калі Лукашэнка загаварыў пра вяртаньне ядзернай зброі ў Беларусь, то хваліўся, што «захаваў ядзерныя стадолы», маючы на ўвазе старыя савецкія сховішчы для ядзернай зброі. Большасьць зь іх цяпер разбураныя ці закінутыя, але некаторыя не да канца.

Вось некаторыя з іх:

База пад Калінкавічамі (52.28033689929327, 29.35911062551858)

Гэтая былая база — якраз каля авіябазы Бабровічы. Мяркуецца, тут захоўваліся авіябомбы магутнасьцю 150–300 кілятонаў, што значна больш за магутнасьць тактычнай ядзернай зброі. Калі меркаваць па старых здымках 2016 году, ад базы захаваліся збудаваньні і ангары, на момант фатаздымак там вырошчвалі грыбы-вешанкі.

База пад Баранавічамі (53.0977586109593, 26.043444585429263)

Паблізу вайсковага аэрадрому ў Баранавічах — рэшткі савецкай сакрэтнай рамонтна-тэхнічнай базы. Раней тут захоўвалі ядзерныя бомбы і часткі ядзерных ракет. Сярод іх ядзерныя баявыя часткі ракет для самалётаў. Цяпер, мяркучы па фатаздымках за 2017 год, аб’ект выглядае напалову разбураным.

База пад Смаргонямі (54.53043755800286, 26.291547988399717)

Недалёка ад Смаргоняў разьмяшчаўся 428-ы ракетны полк. 3-і дывізіён быў узброены шахтавымі пускавымі ракетнымі ўстаноўкамі. У гэтых шахтах стаялі ракеты Р14, яны мелі дальнасьць стральбы да 4500 кілямэтраў і несьлі снарад да 1 мэгатоны.

База пад Ружанамі (52.825462936991734, 24.764248042516183)

Непадалёк ад гарадзкога пасёлку Ружаны за савецкім часам разьмяшчаўся 2-і дывізіён 403-га ракетнага палку. Тут была ядзерная зброя і ракеты, здольныя яе несьці. Мяркуючы па фатаздымках 2016 году, некаторыя збудаваньні базы не ацалелі, захаваліся часткі бункераў.

База пад Пружанамі (52.51117628047509, 24.14338889833139)

Недалёка ад Пружанаў, каля вёскі Броды, за савецкім часам базавалася частка ракетнай дывізіі. Што цяпер з базай і ці засталося што ад яе, невядома.

База пад Жыткавічамі (52.21775146893907, 27.85922557550972)

На тэрыторыі ракетнай часткі ў вайсковым гарадку «Жыткавічы-1» знаходзіліся вайсковыя ангары. На ўзбраеньні гэтай часткі стаялі ракеты, здольныя несьці ядзерныя зарады. Сярод іх «Піянэры» і «Тополь».

База пад Полацкам (55.41263240776814, 28.44516844218609)

Пад Полацкам, недалёка ад гарадзкога пасёлку Ветрына, захоўвалася тэхніка комплексаў «Піянэр» і «Горн», а таксама балістычныя ракеты Р-12, якія здольныя несьці ядзерны зарад. Мяркуючы па фатаздымках 2017 году, некаторыя будынкі базы цалкам разбурыліся, некаторыя захаваліся.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках