1 траўня 2024, Серада, 23:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удар з Беларусі альбо поўнае фіяска: што чакае ядзерныя планы Крамля

21
Удар з Беларусі альбо поўнае фіяска: што чакае ядзерныя планы Крамля
Фота: Reuters

Меркаванні экспертаў.

Пуцін заявіў аб тым, што РФ размесціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Кіраўнік Крамля сказаў, што да 1 ліпеня ў нашай краіне будуць закончаныя работы будаўніцтва сховішчаў.

Ці зможа Крэмль ажыццявіць свае планы? Меркаванні экспертаў падзяліліся. Сайт Charter97.org паглядзеў, што з гэтай нагоды думаюць лідэры думак.

Вядомы амэрыканскі гісторык Юрый Фяльшцінскі мяркуе, што не пазней за верасень гэтага года з Беларусі па Літве і Польшчы будзе нанесены ядзерны ўдар.

«Пагражаць ядзернай зброяй можна з Расеі. І Расея гэтую справу дастаткова паслядоўна і шматразова з рэгулярнасцю тыражуе. Таму для таго, каб пагражаць Захаду або Еўропе ядзернай зброяй, не трэба яе перакідаць у Беларусь. Яе перакідваюць у адным адзіным выпадку - для нанясення ядзернага ўдару. Я заяўляю абсалютна адказна, што не пазней за верасень гэтага года з Беларусі па Літве і Польшчы будуць нанесеныя ядзерныя ўдары, калі Захад не распачне прэвентыўных дзеянняў у гэтым кірунку», — сказаў Фяльшцінскі.

"Калі існавалі нейкія чырвоныя лініі, якія Пуцін не меў бы пераходзіць або пераход якіх азначае даслоўна катастрафічныя наступствы для Еўропы, то вось гэтая чырвоная лінія ўжо Пуціным пяройдзеная", – уважае амэрыканскі гісторык.

Палкоўнік запасу УСУ Раман Світан у інтэрв'ю сайту Charter97.org выказаў меркаванне, што калі на тэрыторыі Беларусі з'явіцца ядзерная зброя, ЗША і хаўруснікі зліквідуюць гэтую пагрозу:

- Пэнтагон знішчыць гэтыя ядзерныя набоі, як толькі яны з'явяцца на тэрыторыі Беларусі. Адбудзецца ліквідацыя ў межах нават пэўных умоў NATO. Рэч у тым, што гэта ўжо будзе дырэктыўная ядзерная пагроза краінам Балтыі, Польшчы. Яны ўвядуць пяты артыкул NATO, прычым могуць гэта нават не афішаваць. Адпрацуюць - і ўсё. Могуць нават знішчыць іх у якасці "нас там няма".

Нейкія "добрыя людзі", паводле прыкладу Ірана або Сірыі, дзе ўзрываюць заводы, узарвуць вось гэтыя ядзерныя набоі, знішчаць самалёты з ядзернымі набоямі ды "Іскандэры". Цяпер у свеце вандруе шмат "добрых людзей".

«Калі Лукашэнка кажа, што «захоўваецца ўся інфраструктура» для размяшчэння ядзернай зброі, дык гэта мае насцярожваць ЗША. Бо стартавыя пляцоўкі, якія не былі знішчаныя, прызначаныя для старту міжкантынентальных ракет», - расказаў у інтэрв'ю сайту Charter97.org лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Адказам на ядзерную пагрозу, на думку беларускага апазіцыянера, мае быць увядзенне ў краіну міратворчых сіл.

Беларускі палітолаг Аляксандр Фрыдман выказаў меркаванне, што пастанова Масквы нічога не мяняе для краін Захаду, але для Лукашэнкі сітуацыя суздром новая:

- На Захадзе і не сумняваліся, што расейская ядзерная зброя рана або позна з'явіцца ў Беларусі. Калі ў Кіеве і спадзяваліся на няхай і абмежаваную, але самастойнасць Лукашэнкі, то самае позняе сёння на гэтых спадзяваннях можна паставіць тлусты крыж. Пагадзіўшыся на размяшчэнне расейскай ядзернай зброі, кіраўнік паказвае, што ў выпадку "неабходнасці" будуць выкананыя і ўсе іншыя пажаданні РФ.

«Лукашэнка проста марыянетка, і ўсё. Ён спрабуе сёння нешта там рабіць, але Пуцін гэтай заявай чарговы раз паказаў, хто цяпер гаспадар у Беларусі», - расказаў у інтэрв'ю сайту Charter97.org украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка.

Дырэктар праграмы "Усходняга партнёрства" ЕЗ і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных стасункаў Аркадзь Мошэс уважае, што размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі — сведчанне панічных настрояў у РФ:

- Крэмль зразумеў, што яго пагрозы ўжыць ядзерную зброю пачынаюць нагадваць вядомую казку пра хлопчыка, які крычаў «Воўк, воўк!». Але ў казцы нарэшце прыйшлі ваўкі. Тут, мусіць, не прыйдуць. Гэта спроба дэстабілізаваць сітуацыю, каб напалохаць тых людзей на Захадзе, якія схільныя баяцца. Аднак я думаю, што ў сэнсе запалохвання Захаду гэтыя захады вялікага эфэкту не дадуць.

Telegram-канал "Нік і Майк" звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка становіцца праблемай для ўсяго вольнага свету:

- Адначасова мы канстатуем бесперспектыўнасць якіх-небудзь перамоў з сіняпальцавым васалам. Ён відавочна ўжо нічога не вызначае. Стратэгіі ўцягвання або адрыву адназначна прыйшоў канец. Роўна як і мантрам-патрабаванням вывесці войскі.

Дыктатар з дробнай стрэмкі ператварыўся ў вялікую скулу.

Украінскі дэпутат ад кіроўнай партыі «Слуга народа» Багдан Яроменка заявіў, што ў Крамля не выйдзе ўжыць ядзерную зброю:

- Беларусь будзе вызваляць полк Каліноўскага і беларускія войскі, якія пераходзяць на яго бок. Таму ўжыць расейскую ядзерную зброю зноў не будзе супраць каго - бо ўсюды беларуская зямля. Дый не паспеюць.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках