2 траўня 2024, Чацвер, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея падрыхтавалася да падзення здабычы газу на траціну

4
Расея падрыхтавалася да падзення здабычы газу на траціну
ФОТА: PHOTOXPRESS.RU

Найбуйнейшыя радовішчы Заходняга Сібіру вычарпаныя.

Здабыча газу на найбуйнейшых радовішчах Заходняга Сібіру ўпадзе на траціну пад 2040 год праз вычэрпванне лёгка выманых запасаў, папярэдзіў урад кіраўнік Мінэнэрга РФ Нікалай Шульгінаў, паведамляе The Moscow Times.

У 2023 годзе Расея выме ў Надым-Пур-Тазаўскім рэгіёне Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі 468 млрд кубамэтраў газу, а пад 2040-ы паказчык скароціцца да 255 млрд.

Асабліва моцна здабыча ўпадзе на радовішчах сенаманскіх пакладаў Заходняга Сібіру: з 295 млрд кубамэтраў да 184 млрд пад 2030 год і да 73 млрд кубамэтраў пад 2040, пішуць "Известия" са спасылкай на ліст Шульгінава ў кабінет міністраў ад снежня 2022 года.

Паводле звестак Расстата, у 2022 годзе ў Расеі было здабыта блізу 672 млрд кубамэтраў газу. З улікам прагнозу Шульгінава па падзенні здабычы ў ЯНАА агульны паказчык можа ўпасці да 460 млрд кубамэтраў, або больш чым на 30%.

«Калі Расея пад 2040 год замест лёгкавыманых дзялянак у ЯНАА не распрацуе новыя радовішчы, то фактычна будзе вымушаная скараціць здабычу газу на траціну», – пацвердзіў намеснік старшыні назіральнай рады асацыяцыі «Надзейны партнёр» Дзмітрый Гусеў.

Пры гэтым аб'ём унутранага спажывання газу ў Расеі складае 470 млрд кубамэтраў, ацэньваў даўней віцэ-прэм'ер РФ Аляксандр Новак. Такім чынам, у Расеі можа не знайсціся вольных аб'ёмаў для экспарту.

Таксама падзенне здабычы на 30% можа прычыніцца да скарачэння паступленняў у бюджэт на 1 трлн рублёў, мяркуе Гусеў.

Каб захаваць бягучыя ўзроўні здабычы, міністр энэргетыкі Шульгінаў прапанаваў павялічаць спектар геалагічнай выведкі і стымуляваць бізнэс асвойваць аддаленыя радовішчы.

Сцэнар далейшага значнага зніжэння аб'ёмаў здабычы газу праз вычэрпванне радовішчаў малаімаверны, мяркуе эксперт Фінансавага ўніверсітэта Ігар Юшкоў. Паводле яго слоў, кампаніі валодаюць вялікімі сыравіннымі запасамі і змогуць забяспечыць работу на новых дзялянках, кампенсаваўшы вычэрпванне старых.

Мінэнэрга можа рабіць прагнозы пра рызыку скарачэння здабычы, каб абгрунтаваць дадатковую падтрымку геалагічна-выведных работ і тэхналагічнага развіцця галіны, мяркуе Юшкоў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках