Аляксандр Мярэжка: Заява РФ аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі з'яўляецца актам тэрарызму
12- 26.03.2023, 20:02
- 9,066
Беларусь стала закладніцай генацыднай расейскай імперыі.
Прыняўшы ў сябе ядзерную зброю з Расеі, Беларусь не толькі стане суўдзельніцай ядзернага тэрарызму, але і рызыкуе трапіць пад паўнацэнную акупацыю. Так старшыня камітэта Вярхоўнай рады Украіны ў замежнай палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандр Мярэжка пракаментаваў «Зеркалу» заяву Пуціна аб размяшчэнні ў нашай краіне тактычных ядзерных ракет.
- Расея спрабуе падарваць рэжым нераспаўсюджвання ядзернай зброі. Фактычна, заява Расеі аб размяшчэнні ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі з'яўляецца актам ядзернага тэрарызму ў святле Канвенцыі аб барацьбе з актамі ядзернага тэрарызму 2005 года, — сказаў Мярэжка.
Ён назваў праблемай тое, што «Беларусь рыхтуецца стаць не толькі скўдзельніцай расейскай спробы раскідаць рэжым нераспаўсюджвання ядзернай зброі і сусветную сістэму бяспекі, але таксама суўдзельніцай расейскага ядзернага тэрарызму".
Палітык заклікаў беларускі народ не дапусціць размяшчэння расейскіх ядзерных ракет на сваёй тэрыторыі, «бо гэта вельмі небяспечна як для свету, так і для самой Беларусі».
- Тое, што Лукашэнка не супраціўляецца вар'яцкай і небяспечнай пастанове Пуціна, можа сведчыць аб тым, што Беларусь сталася закладніцай генацыднай расейскай імперыі і можа быць нават цалкам акупаваная гэтай імперыяй, - заявіў ён.
Нагадаем, у суботу, 25 сакавіка, Уладзімір Пуцін заявіў, што дамовіўся з Аляксандрам Лукашэнкам аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі тактычных ядзерных ракет.