Баскетбольны клуб «Мінск» закончыў сэзон у Адзінай лізе ВТБ на апошнім месцы
4- 26.03.2023, 17:07
- 2,248
Былыя «Цмокі» маюць 29 параз у 32 матчах.
Сёння, 26 сакавіка, баскетбалісты "Мінска" правялі апошні матч рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ЗГБ. Перамога над «Астаной» (84:69) падвяла рысу пад няўдалым сэзонам-2022/23 для беларускай каманды: толькі тры вікторыі ў 32 гульнях і апошняе месца, піша Zerkalo.io.
Акрамя самага факту заўсёдных параз падчас сэзону, нашы баскетбалісты ў матчы з "Енісеем" усталявалі антырэкорд лігі ў набраных балах - толькі 36. Пры гэтым галоўны трэнер "Мінска" Расціслаў Вяргун, нягледзячы на няўдалы выступ, газэтай "Прессбол" быў прызнаны найлепшым трэнерам мужчынскай каманды ў 2022 годзе.
Клуб з Беларусі яшчэ ні разу не выходзіў у плэй-оф Адзінай лігі ЗГБ.
Таксама нагадаем, што мінулым летам наймацнейшая баскетбольная каманда краіны змяніла назву. БК "Цмокі-Мінск" стаў БК "Мінск".
- Сур'ёзныя задачы і маштабныя мэты падштурхнулі нас да павышэння пазнавальнасці клуба і стварэння актуальнай і самавітай маркі. Абноўленая назва, лагатып і выбраны візуальны стыль дазволяць з новай сілай развіваць спартыўную дзейнасць, залучаць новую аўдыторыю. Для партнёраў клуба гэта магчымасць рэалізоўваць новыя маркетынгавыя стратэгіі, - гаварылася тады ў якасці абгрунтавання рэбрэндынгу.