Ключавая еўрапейская краіна NATO адрэагавала на пастановы аб размяшчэнні ядравай зброі ў Беларусі
11- 26.03.2023, 14:12
- 31,910

Заява МЗС Нямеччыны.
Заява Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні ядравай зброі ў суседняй Беларусі выклікала крытыку з боку ўрада Нямеччыны, піша Welt.
Міністэрства замежных спраў краіны заявіла аб «далейшай спробе ядравага запалохвання».
«Параўнанне, прыведзенае прэзідэнтам Пуціным з ядравым удзелам NATO, уводзіць у зман і не можа служыць апраўданнем кроку, абвешчанага Расеяй», – заявілі ў ведамстве.
Адзначаецца, што Беларусь у шэрагу дэкларацый на міжнародным узроўні абавязалася быць свабоднай ад ядравай зброі.
З пункту гледжання Міжнароднай кампаніі за забарону ядравай зброі (ICAN) размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі можа прывесці да катастрофы. План Пуціна з'яўляецца «надзвычай небяспечнай эскалацыяй», уважаюць у арганізацыі.
«У кантэксце вайны ва Украіне рызыка няправільнай ацэнкі або няправільнай інтэрпрэтацыі надзвычай высокая», – мяркуюць у ICAN.
У арганізацыі нагадалі, што Дамова аб забароне ядравай зброі забараняе дзяржавам дапускаць замежную ядравую зброю на сваю тэрыторыю. Дамова, прынятую ў 2017 годзе, на гэты момант падпісалі 92 дзяржавы. Расея і Беларусь не ўваходзяць у іх лік. Дзяржавы, дзе размешчаны ядравыя базы ЗША - Нямеччына, Бэльгія, Італія, Нідэрланды і Турцыя - таксама не далі згоды.
Нагадаем, учора ў эфіры тэлеканалу «Расея 24» прагучала заява прэзідэнта Расеі Пуціна аб адкрыцці сховішча тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі 1 ліпеня 2023 года. Кантроль над ТЯЗ будзе ажыццяўляць расейскі бок.