СМІ: Іран і РФ таемна каардынавалі ўдары па амерыканскіх базах у Сірыі
5- 25.03.2023, 12:48
- 9,544

Сталі вядомыя падрабязнасці аб начным нападзе дронаў.
У ноч на суботу, 25 сакавіка, вайсковыя базы ЗША ў непасрэднай блізкасці ад нафтагазавага радовішча «Канока» ў паўночнай частцы Сірыі, ахоўванага амерыканскімі жаўнерамі, былі атакаваныя. Удар быў нанесены з выкарыстаннем артылерыі войска Сірыі і іранскіх БПЛА.
Лібанскае выданне «Аль-Ахбар» даведалася падрабязнасці. Тэгеран і Масква, як выявілася, і тут працуюць у тандэме. Паводле версіі вышэйзгаданага СМІ, які падтрымлівае рэжым Башара Асада і «Хізбалах», сілы РФ і Ірана працуюць у рамках недэклараванай каардынацыі дзеянняў з мэтай прымусіць амерыканцаў пакінуць базы на поўначы і ўсходзе САР. І падаюць гэта як «народны супраціў» сірыйцаў.
У публікацыі адзначаецца, што апошняя серыя ўдараў па амерыканскіх базах у Сірыі пачалася з «назіральных» палётаў вайсковай авіяцыі РФ. Расейскія самалёты больш за 20 разоў урываліся ў паветраную прастору над амерыканскай базай «Ат-Танф». Пасля праіранскія сілы запусцілі туды дроны-камікадзэ і ракеты. Пры гэтым знішчальнікі Расеі знаходзіліся ў небе і каардынавалі ўдары.