У Крамлі захваляваліся праз пастанову ЗША што да Беларусі
47- 24.03.2023, 16:38
- 52,566

ФОТА: EPA
Пяскоў пракаментаваў заяву Блінкена.
Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў назваў прызначэнне спецыяльнага прадстаўніка па Беларусі ў Дзярждэпартаменце, якое ЗША плануе зрабіць найбліжэйшым часам, «умяшаннем у справы Беларусі».
- Безумоўна, ЗША працягваюць наўпроставае і ўскоснае ўмяшанне ва ўнутраныя і ўскосныя справы розных дзяржаў, уключаючы Беларусь. Гэта не што іншае, як умяшанне ва ўнутраныя справы, – сказаў Пяскоў на брыфінгу ў пятніцу.
На яго думку, такія факты патрабуюць «асаблівай увагі, перш за ўсё з боку беларускіх сяброў».
- Вядома, не можам і мы заставацца да гэтага індыферэнтнымі, безуважнымі, але мы ўпэўненыя, што беларуская дзяржава ўстойлівая, моцная і здольная перашкодзіць тым, хто хоча ўмешвацца ў іх унутраныя справы, - сказаў прадстаўнік Крамля.
Нагадаем, 22 сакавіка дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен паведаміў, што неўзабаве ў Дзярждэпартаменце будзе прызначаны спецпасланнік наконт Беларусі, які будзе ўзаемадзейнічаць з беларускай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю і каардынаваць працу ведамстваў ЗША ў беларускіх пытаннях.