28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларусы яшчэ выйдуць на вуліцы вольных гарадоў»

11
«Беларусы яшчэ выйдуць на вуліцы вольных гарадоў»

У Варшаве адкрылася выстава «Бел-чырвона-белы».

У варшаўскім Музеі свабоднай Беларусі адкрылася выстава палітычных плакатаў «Бел-чырвона-белы».

Экспазіцыя з'явілася ў выніку міжнароднага конкурсу на тэму дэмакратычных памкненняў беларускага грамадства, арганізаванага Нацыянальным Цэнтрам Культуры Польшчы (НЦК).

У цырымоніі адкрыцця ўзялі ўдзел: міністр культуры Польшчы, віцэ-прэм'ер-міністр Пётр Гліньскі, кіраўнік замежнай службы польскага МЗС Аркадзь Жагоцкі, пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, а таксама прадстаўнікі беларускай апазіцыі, у тым ліку Наталля Пінчук, жонка лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў лукашэнкаўскай турме.

Адкрылася выстава фільмам, які расказвае пра барацьбу беларусаў за свабоду і незалежнасць.

У сваім выступе міністр культуры Польшчы, віцэ-прэм'ер-міністр Пётр Гліньскі адзначыў, што Беларусь - неад'емная частка Еўропы:

— Нашае супрацоўніцтва насамрэч значна шырэйшае. Мы разам — палякі, беларусы, украінцы, літоўцы, насуперак палітычным жаданням і дзеянням Крамля. Тым больш важна, што праз два дні будзе нацыянальнае свята Беларусі, Дзень Волі. Адзначаем яго разам, бо свабода нашых народаў з'яўляецца гарантыяй таксама паспяховага развіцця цэлай Еўропы. Мы павінны памятаць, што мы з'яўляемся часткай Еўропы, разам будуем незалежнасць еўрапейскіх народаў. Польшча ад пачатку падтрымлівае памкненне беларускага народа да аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту і будзе падтрымліваць да дасягнення поспеху.

ПЁТР ГЛІНЬСКІ

Таксама польскі міністр адзначыў, што час Лукашэнкі і Пуціна палічаны:

- Той факт, што Лукашэнка не ўключыўся ў поўнамаштабную падтрымку Пуціна ў вайне ва Украіне, відавочна з'яўляецца поспехам беларускай апазіцыі і падтрымкі Беларусі з боку свабодных народаў. Яны (Пуцін і Лукашэнка - рэд.) баяцца, яны баяцца, што сёння тут ёсць гэтая выстава, яны баяцца незалежных інстытутаў, незалежных ініцыятыў у сферы культуры і адукацыі, яны баяцца свабодных народаў. І добра, што баяцца, бо іх час палічаны. Мы ўсе не стомімся ў нашай барацьбе за свабоду ў Беларусі і ўсюды, дзе дыктатары пагражаюць свабодзе і незалежнасці.

Кіраўнік замежнай службы МЗС Польшчы Аркадзь Жагоцкі зазначыў, што незалежнае і дэмакратычнае існаванне Беларусі з'яўляецца элементам бяспекі ўсёй Еўропы:

- Мы з турботай адзначаем удзел Беларусі ў расейскім уварванні ва Украіну і паглыбленне беларуска-расейскага вайсковага супрацоўніцтва. Мы ведаем, што большая частка беларускага грамадства не згодная з такой палітыкай. Мы бачым, як беларусы падтрымліваюць Украіну, і верым, што свабодная дэмакратычная Беларусь будзе гарантам міру ў рэгіёне.

АРКАДЗЬ ЖАГОЦКІ

Наталля Пінчук, жонка лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, расказала пра важнасць нацыянальнага сцяга Беларусі:

- Бел-чырвона-белы сцяг мае даўнюю гісторыю. Пад бел-чырвона-белым сцягам стваралі незалежную Беларусь. На доўгія часы ў савецкай Беларусі пра гэты сцяг нельга было прыгадваць. Але часы змяніліся, яшчэ ў CCCР маё пакаленне пачало паднімаць гэты сцяг.

У гэтым кантэксце хацела б узгадаць учынак майго мужа Алеся, які першы яшчэ за савецкім часам унёс гэты сцяг у будынак гарадскога савета. Алесь цяпер у турме, мы ўсе пра гэта ведаем. Разам з ім знаходзяцца таксама іншыя вядомыя нам людзі: Анджэй Пачобут, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец. Нядаўна мы падлічылі, што яны знаходзяцца ў гэтых невыносных варунках ужо больш за тысячу дзён. Напэўна, вы не так даўно чулі вельмі жахлівую інфармацыю, што Ігар Лосік учыніў спробу суіцыду. На жаль, гэта адзіная магчымасць абараніць сваю годнасць у турэмных умовах.

За кратамі не толькі тыя, якіх я пералічыла, за кратамі тысячы людзей, якія выказаліся за свабоду, выказалі сваё свабоднае слова, гэта тысячы смелых жанчын і мужчын. Яны - як героі твора Адама Міцкевіча, як Конрад Валенрод. Ён сказаў: «Імя маё - мільёны, бо я пакутую за мільёны». Мы спадзяемся, што пакуты нашага народа не марныя, мы спадзяемся, што, у тым ліку дзякуючы і вашай падтрымцы беларусы выйдуць на вуліцы беларускіх гарадоў, на вуліцы свабоднай Беларусі, - сказала Наталля Пінчук.

НАТАЛЛЯ ПІНЧУК

У заключнай частцы вернісажу перад прысутнымі выступілі Настасся Мацкевіч і Канстанцін Гарачы, якія выканалі беларускі гімн «Пагоня», гімн польскай апазіцыі часоў «Салідарнасці» «Муры» і песню на вершы Янкі Купалы «Спадчына».

Рафал Вишневски
Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках