Журналісту «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзю Мажэйку далі тры гады калоніі
2- 23.03.2023, 12:34
- 3,284

Яго затрымалі пасля нататкі аб перастрэлцы праграміста Зэльцара з КДБ.
Журналісту «Комсомольскай правды в Беларуси» Генадзю Мажэйку далі тры гады пазбаўлення волі, паведамляе zerkalo.io.
Яго прызналі «вінаватым» паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі — ч. 1 артыкула 368 (Абраза Лукашэнкі) і ч. 1 артыкула 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або калатнечы).
Генадзю Мажэйку далі тры гады калоніі агульнага рэжыму, такое пакаранне для яго і запытваў пракурор.
У судзе Мажэйка сваю віну не прызнаў.
Што здарылася з «Комсомолкой» і Генадзем Мажэйкам
28 верасня 2021 года ў Менску падчас перастрэлкі ў кватэры па вуліцы Якубоўскага загінулі два чалавекі: 31-гадовы IT-спецыяліст Андрэй Зэльцар, якога спрабавалі затрымаць сілавікі, і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк таго ж узросту. Пасля трагедыі па краіне прайшла хваля затрыманняў тых, хто, на думку ўладаў, няправільна выказваўся пра тое, што здарылася ў сацыяльных сетках на адрас супрацоўніка КДБ.
Генадзь Мажэйка, які ў той час працаваў у «Комсомольскай праўдзе ў Беларусі», напісаў нататку, прысвечаную загінуламу падчас перастрэлкі на вуліцы Якубоўскага ў Менску Андрэю Зэльцару, — журналіст пагаварыў з аднакласніцай праграміста, якая расказала пра ягоныя школьныя гады.
Пасля выхаду нататкі Генадзя Мажэйку Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала доступ да сайта kp.by. Як заявілі ў ведамстве, гэта было зроблена на падставе пастановы Міжведамаснай камісіі ў бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры ўрадзе ў сувязі з размяшчэннем на сайце «інфармацыі, здольнай прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам».
Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года. Са звестак МУС, Мажэйка выехаў у РФ, дзе зрабіў спробу вылецець у трэцюю краіну, аднак яму адмовілі ў выездзе.
5 кастрычніка таго ж года «Комсомольская правда» прыняла пастанову закрыць сваё прадстаўніцтва ў Менску ЗАТ «БелКП-ПРЭС».