Канцэрты Маргарыты Ляўчук скасавалі ў Варшаве і Гданьску
18- 22.03.2023, 18:55
- 45,850

Прычына вельмі сур'ёзная.
Спявачка Маргарыта Ляўчук канчаткова скасавала канцэрты ў Варшаве і Гданьску, якія мусілі адбыцца на найбліжэйшых выходных. Як распавяла артыстка ў Facebook, у яе ўзніклі сур'ёзныя праблемы з голасам.
«Сябры, мне вельмі шкада, але мы з вамі не сустрэнемся на канцэртах у Варшаве і Гданьску. Спачатку нейкая пагроза тэракту, а зараз вось мой голас. Фаніятар мне забараніла нават размаўляць, не тое што спяваць. У мяне дыягнаставалі паліп на галасавых звязках. Гэта самы страшны сон вакаліста, у якім ты не можаш спяваць, але ён спраўдзіўся», - напісала Маргарыта.
«Сказаць, што я ў роспачы, гэта нічога не сказаць. Нібы жыццё абарвалася пасля слоў лекара, што ўсё сур'ёзна. Голас - гэта маё жыццё. Гэта траўма, па-першае, псіхалагічная.
Але я ў адэкваце, таму ўсё разумею і трымаюся, як магу. Я ўжо наплакалася і насмяялася, бо ў мяне самыя файныя сябры і блізкія, якія ўжо другі дзень побач, за гэта ім шчыра дзякую», - дадала спявачка.
Канцэрт у Гданьску быў прызначаны на 26 сакавіка. Замест Ляўчук на яе просьбу выступіць Лявон Вольскі.
Канцэрт у Варшаве поўнасцю скасаваны, тым, хто набыў білет, вернуць грошы.