Навукоўцы вызначылі, ці могуць малпы адчуваць несправядлівасць
16- 18.03.2023, 20:30
- 4,622

Даследнікі падзяліліся звесткамі незвычайнага эксперыменту.
Ці ўнікальнае чалавечае пачуццё справядлівасці? На думку этолагаў, малпы замест несправядлівасці адчуваюць болей сумесь сацыяльнага расчаравання і канкурэнцыі за ежу. Калі суродзічы атрымліваюць лепшую ўзнагароду за такія ж вынікі, паддоследныя жывёліны "на знак пратэсту" часта адмаўляюцца ад сваёй узнагароды. Але ці сапраўды яны могуць адчуваць да сябе несправядлівае стаўленне?
Высвятляючы гэта, суполка Роўэна Тытчэнэра з Нямецкага цэнтра прыматаў у Гётынгене правяла эксперыменты з яванскімі малпамі. Жывёліны мелі пацягнуць за вагар, за што атрымлівалі ў якасці ўзнагароды не самую смачную ежу. Прысмакі былі бачныя, але для малпаў недаступныя. Пры гэтым ежа або паступала з гандлёвага аўтамата, або яе даваў малпам дрэсіравальнік.
Акрамя таго, яны знаходзіліся або адны, або ў полі зроку партнёра, якога за гэтую ж штуку з вагаром узнагароджвалі смачнай ежай.
Суполка Тытчэнэра назірала за тым, як малпы рэагавалі на сітуацыю - напрыклад, ці адмаўляліся яны ад малакаштоўнай ежы, калі бачылі, што іхнія суродзічы атрымліваюць лепшую ўзнагароду. Так даследнікі змаглі спраўдзіць тры распаўсюджаныя гіпотэзы:
1 Жывёліны адмаўляюцца ад няякаснай ежы з пратэсту, адчуваючы несправядлівае стаўленне да сябе ў чалавечым сэнсе.
2 Жывёліны чакаюць лепшай ежы і таму адмаўляюцца ад нясмачнай.
3 Жывёліны пачуваюцца «ашуканымі» сваім дрэсіравальнікам, бо яны звыклі атрымліваць ад яго лепшую ежу.
Калі нясмачная ўзнагарода паступала з гандлёвага аўтамата, макакі амаль ніколі не адмаўляліся ад яе. Тытчэнэр тлумачыць гэта:
Малпы не маюць сацыяльных чаканняў ад гандлёвага аўтамата, таму яны не расчараваліся.
Аднак блізу 20% жывёлін не бралі ежу ў дрэсіравальніка. Грунтуючыся на гэтым, этолагі зрабілі выснову, што малпы ў ім расчараваліся: ім здавалася, што той наўмысна наважыў даць ім горшую ўзнагароду. На думку даследнікаў, паводзіны малпаў лепш за ўсё тлумачыцца трэцяй гіпотэзай - аб сацыяльным расчараванні. Была прыкметная і канкурэнцыя за ежу: пры з'яўленні суродзіча малпы ў сярэднім хутчэй хапалі нават нясмачную ежу.
Хоць вынікі даследавання пацвярджаюць, што малпы таксама маюць нейкую форму пачуцця справядлівасці, яно, відаць, адрозніваецца ад тыповага чалавечага.