26 красавiка 2024, Пятніца, 10:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кітайцы жудасна злыя на Пуціна за Украіну»

16
«Кітайцы жудасна злыя на Пуціна за Украіну»
АЛЯКСАНДР ХАРА

Украінскі дыпламат расказаў, як будуць развівацца стасункі паміж ЗША, Кітаем і Расеяй.

Перад меркаваным візітам дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена над Амерыкай збілі кітайскі аэрастат-шпіён. Гэта выпадковасць ці Пекін наўмысна ідзе на абвастрэнне?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім дыпламатам і палітолагам, экспэртам фонду «Майдан замежных спраў» Аляксандрам Харам:

- Кітай не хоча ісці на абвастрэнне. Ён акурат наадварот спрабуе, захаваўшы твар, у канчатковым выніку атрымаць прагназаваныя і стабільныя стасункі, якія дазволілі б развязваць і ўнутраныя праблемы, і прасоўваць замежную палітыку.

Адназначна, што гэты заўважаны паветраны шар, хутчэй за ўсё, са шпіёнскім абсталяваннем, не з'яўляўся правакацыяй, а звычайнай практыкай. Бачыце, цяпер атрымалася так, што яго заўважылі і потым была цэлая ўнутраная амерыканская драма, звязаная з тым, што з ім рабіць. Крытыкавалі дэмакратаў, асабліва прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, што ён нібыта не здольны абараніць амерыканцаў.

Магу сказаць, што ЗША выкарыстоўвалі шары такога тыпу для назірання за СССР у 50-60-х гадах. Тады сістэма СПА была ўжо больш-менш магутнай і амерыканцы не хацелі рызыкаваць сваімі пілотамі. Гэта абсалютна нармальная практыка пры вядзенні выведвальнай дзейнасці. Яна мяркуе, што працяглы перыяд часу будзе выкарыстаная вялікая колькасць абсталявання. Гэта не разавая акцыя.

Мы бачылі, што ЗША ў гэтай сітуацыі зрабілі вельмі разумна. З аднаго боку, Блінкен адклаў свой візіт для таго, каб паказаць абсалютную нязгоду з тым, што адбылося. З іншага боку, у сваім выступе Байдэн гэтаму моманту не надаў наогул ніякай увагі. Адышоў ад гэтай тэматыкі.

Ён таксама зацікаўлены ў некалькіх рэчах: не эскалаваць канфлікт з Кітаем, зменшыць залежнасць ЗША ад Кітая і ўзмацніць сваіх хаўруснікаў. Перш за ўсё - гэта Тайвань, Паўднёвая Карэя, Японія і Аўстралія. ЗША спрабуюць, каб і Індыя была больш на іх баку.

На мой погляд, канфлікту ніхто не жадае. Ні Кітай, ні ЗША. Ідзе барацьба за ідэалогію стасункаў паміж дзвюма краінамі. Пекін нават больш зацікаўлены, каб не было канфлікту, бо ён пацерпіць у эканамічным плане. Ён ужо і так страціў доступ да вялікай колькасці заходніх тэхналогій.

Той жа самы Тайвань, Нідэрланды, ЗША і іншыя краіны ўжо ўвялі больш цвёрды экспартны кантроль, абмежаванні і кітайцам, вядома, ад гэтага не ёсць добра. Яны не змогуць замяніць гэтыя тэхналогіі і абсталяванне. Перш за ўсё - каб развіваць сваю эканоміку, а таксама абаронны сектар. Тыя ж самыя чыпы патрэбныя і ў «абаронцы».

- На вясну 2023 года намечаны візіт Сі Цзіньпіна ў Маскву. Таксама выданне The Wall Street Journal піша, што Кітай дапамагае Расеі ў вайне, пастаўляючы тэхніку. Ці адбываецца разварот Пекіна ад нейтралітэту ў бок падтрымкі Крамля і эскалацыі?

- Магу сказаць, што нейтралітэту ў Кітая і не было. Ён быў толькі на словах. З аднаго боку, кітайцы жудасна злыя на Пуціна за напад на Украіну. Вайна пацягнула за сабой шэраг негатыўных наступстваў: тэхналагічны разварот, згуртаванне NATO і гэтак далей. Гэтыя рэчы Кітаю нецікавыя і гуляюць супраць яго.

Глядзіце, яшчэ Дональд Трамп (экс-прэзідэнт ЗША - заўв.) вёў гандлёвыя войны і пачаў амерыканскую вайсковую машыну паварочваць фінансаваннем на супрацьдзеянне Кітаю. Байдэн гэтую справу працягнуў, але цяпер на яго баку еўрапейцы, якія раней не хацелі канфрантацыі з Кітаем, хацелі з ім гандляваць. Пасля ж уварвання Пуціна ва Украіну яны зразумелі, што гэтыя аўтарытарныя рэжымы аднолькавыя. Убачылі падобныя тэндэнцыі і ў Кітаі: змена Канстытуцыі. Сі Цзіньпін фактычна з'яўляецца манапольным кіраўніком Кітая і дэмантаваў рэшткі нейкай унутранай апазіцыі. Ідзе мілітарызацыя краіны. Летась мы бачылі вялікую колькасць уварванняў у зону Тайваня. Сі Цзіньпін сказаў, што сілай і зброяй яны могуць яго вярнуць.

Груба кажучы, усе гэтыя рэчы звязаныя з уварваннем Пуціна. Калі б уварвання не было, то не было б і супрацьстаяння, аб'яднання вакол ЗША, у першую чаргу еўрапейскіх хаўруснікаў, а таксама і хаўруснікаў-партнёраў у рэгіёне.

- Як могуць развівацца стасункі Расеі і Кітая?

- Пакінуць Пуціна Сі Цзіньпінь не можа. Ён разумее, што калі РФ саступіць, знікне як важны фактар, то ўсе рэсурсы Захаду і ЗША будуць накіраваныя на Кітай. Сі Цзіньпінь і Кітай будуць утоена падтрымліваць Расею. Няма яшчэ довадаў, што нейкая кітайская зброя была перададзеная РФ. Але тэхналагічна, фінансава, купляючы нафту і актывы, гэта будзе адбывацца.

Кітай ніколі не быў нейтральным, незадзейнічаным. Тым не менш, Пекін не хоча эскалацыі стасункаў. Найбуйнейшыя кітайскія кампаніі, якія пастаўляюць чыпы ў iphone і для іншых заходніх кампаній, не жадаюць патрапіць пад санкцыі, страціць грошы і доступ да рынкаў. Таму Кітай будзе балансаваць, падтрымліваць Пуціна, але не даваць яму ўсё, што гаспадар Крамля хацеў бы.

На Захадзе існуюць страхі, што Расея і Кітай могуць укласці нейкі саюз. Яны заснаваныя на неразуменні ні Расеі, ні Кітая. Расея ўважае сябе за вялікую краіну, якая супрацьстаіць Амерыцы. Ёй патрэбныя рэсурсы, але яна ўважае сябе за суверэнную і гэты суверэнітэт не збіраецца нікому аддаваць.

Гэтак жа і Кітай. Ён разумее, што ў яго ёсць рэсурсы, перспектывы і магчымасці ў плане вайсковым, палітычным, эканамічным расці ў гэтым стагоддзі. Звязваць свае рукі прыдуркаватым фюрэрам расейскага свету, які паступіў надзвычай неабдумана і імпульсіўна, ужо сапраўды яны не жадаюць. Таму стратэгічнага хаўрусу не будзе.

Так, кітайцы працягнуць утоена падтрымліваць Расею, але не настолькі, як бы хацеў таго Пуцін.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках