Навукоўцы назвалі прыправу, якая зробіць падлеткаў разумнейшым
8- 5.02.2023, 19:56
- 11,482

Яна станоўча ўплывае на памяць і кагнітыўныя функцыі.
Навукоўцы з Бірджандскага ўніверсітэта медыцынскіх навук у Іране правялі маштабны аналіз даследаванняў, які паказаў, што цынамон і яго вытворныя патэнцыйна могуць палепшыць памяць і вынікі навучання ў падлеткаў. Высновы апублікаваныя ў часопісе Nutritional Neuroscience.
Цынамон атрымліваюць з унутранай кары вечназялёнага дрэва, якое расце ў Гімалаях, Кітаі, Індыі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Даследаванні паказваюць, што цынамон валодае супрацьзапаленчымі, антыаксідантнымі і супрацьракавымі ўласцівасцямі. Некаторыя працы таксама паказалі, што біялагічна актыўныя злучэнні, якія ўтрымліваюцца ў цынамоне, могуць паляпшаць працу мозгу, асабліва памяць і навучанне. У новым даследаванні навукоўцы пастанавілі ацаніць дакладнасць гэтых высноваў.
Аўтары агляду знайшлі 2605 даследаванняў на верасень 2021 года. З іх 40 даследаванняў былі даволі якаснымі, і іх уключылі ў далейшы аналіз. Большасць працаў была праведзеная на жывёлах ці людзях, іншыя – на клетках і тканках.
Навукоўцы пацвердзілі, што паводле даследаванняў, цынамон можа станоўча ўплываць як на памяць, так і на кагнітыўныя функцыі падлеткаў, якія жавалі цынамонавую жуйку. Для дарослых доказаў эфектыўнасці знайшлося менш і яны былі менш пераканальныя.
Акрамя таго, у лабараторных умовах было паказана, што дадаванне цынамону або цынамонавага альдэгіду ў клеткавае асяроддзе можа знізіць агрэгацыю таў, бэта-амілоіду і павысіць жыццяздольнасць клетак.
Аўтары адзначылі, што неабходныя далейшыя даследаванні, каб рабіць высновы пра эфект цынамону на кагнітыўныя функцыі.