Колькі каштуюць надзелы лецішчаў у Менскім раёне
11- 5.02.2023, 19:07
- 8,082

Ёсць варыянты ад 2 тысячаў даляраў.
Realt.by паглядзеў, якія ёсць варыянты ў садовых таварыствах (СТ) у Менскім раёне і колькі яны каштуюць.
У адрозненне ад зямельных надзелаў у населеных пунктах, надзелы лецішчаў можна прадаваць і набываць без абавязковай умовы наяўнасці закансерваванага будынка на ім. Роскід коштаў вельмі вялікі, прычым знайсці зямлю пад лецішча ў Менскім раёне танней за 5 тысячаў даляраў не так проста. Значна больш прапановаў у дыяпазоне 10–20 тысячаў даляраў. Сярод іх можна знайсці варыянты ў новых СТ, з вялікімі надзеламі, шырокімі вуліцамі, газаправодам. Асобная гісторыя – надзелы ў «элітных» пасёлках. Там 10 сотак могуць каштаваць і 30, і 50 тысячаў даляраў.

Пошукі журналісты распачалі з самых танных варыянтаў.
Надзелы да 5 тысячаў даляраў
У Менскім раёне такіх не вельмі многа, яны невялікія плошчай і знаходзяцца ў старых садоўніцкіх таварыствах.
СТ «Лясная паляна-88» размешчанае проста за Калодзішчамі, да МКАД – 12,6 кіламетраў. У гэтым кааператыве прадаецца надзел 4 соткі за 2000 даляраў.

У СТ «Зялёны гай» на Мядзельскім кірунку прадаецца 4,64 соткі. Вада сезонная, пра газ і электрычнасць – ні слова. Затое паказана, што на тэрыторыі ёсць невялікая летняя хатка, які патрабуе рамонту. За ўсё гэта просяць 4900 даляраў.
Надзел у лесе (7,2 соткі) прадаецца ў СТ «Камунар» на Мядзельскім кірунку. Да МКАД 26 кіламетраў. Рэльеф складаны, пра камунікацыю інфармацыі няма. Кошт – 2 900 даляраў.

У СТ «Палянка-2008» 10 сотак каштуюць 3700 даляраў. Знаходзіцца таварыства за 23 кіламетры ад МКАД у Мядзельскім кірунку. Каля надзелу стаіць электрычны слуп, ёсць сезонная вада.
Ад 5 да 20 тысячаў даляраў
У СТ «Блакітная паходня», за 9 км ад Менска па Маскоўскай трасе прадаецца надзел 5,32 сотак. Размешчаны ў маляўнічым і ціхім месцы, дагледжаны. Выдатныя пад'язныя шляхі, да асфальту 100 метраў. Сезоннай вады і газу на надзеле няма, электрычнасць да надзелу ў найбліжэйшай перспектыве. Кошт – 6000 даляраў.
У тым самым СТ 5 сотак прадаюцца ў два разы даражэй. Цікава, у чым розніца паміж імі?

СТ «Зялёны бор» знаходзіцца на тэрыторыі, якая прымыкае да Юхноўскага біясфернага заказніка, акружаная векавымі хвоямі і елкамі. На надзел плошчай 4,4 сотак заведзены цэнтральны водаправод, газ – па вуліцы. Круглагадовыя аўтобусныя зносіны са сталіцай, прыпынак грамадскага транспарту побач, да МКАД – 16 кіламетраў. Кошт – 9 800 даляраў. Падобны надзел тут жа прадаецца за 10 000 даляраў.

6 сотак у СТ «Агароднінавод» прадаюць за 13 600 даляраў. Гэты летні пасёлак знаходзіцца каля лесу побач з Юхноўскім біялагічным заказнікам, за 16 кіламетраў ад Менска. Газ па вуліцы, вада цэлы год, цэнтралізаванае асвятленне. На тэрыторыі СТ працуе крама. Дарогі зімой чысцяць ад снегу, арганізаваны вываз смецця.

На Маладзечанскім кірунку, за 30 кіламетраў ад МКАД прадаецца надзел 5 сотак у СТ «Селена-89». Летні пасёлак невялікі, размешчаны сярод ляснога масіву. Надзел з электрычнасцю каштуе 6 500 даляраў.
За 20 хвілінаў ад горада ў маляўнічым месцы побач з возерам Селюты забудоўваецца новае газіфікаванае СТ «Мара». Тут ля лесу прадаецца зямельны надзел 9 сотак за 18 400 даляраў.
На супрацьлеглым баку возера Селют і бліжэй да МКАД-2 размешчанае СТ «Чарняўка». Тут 9 сотак каштуюць 8500 даляраў. Праўда, пра камунікацыі ў аб'яве не паведамляецца.

За 9 км ад Менска ў Ракаўскім кірунку прадаецца надзел у СТ «Падгор'е» з хаткай пад знос. Гэта летні пасёлак яшчэ з савецкіх часоў, таму надзелы тут усяго 4 соткі. Кошт – 9000 даляраў.
Элітныя лецішчы
У Менскім раёне шмат надзелаў лецішчаў, кошты якіх супастаўныя з коштам зямлі ў дарагіх прыгарадных катэджавых пасёлках. Можна зрабіць здагадку, што такі высокі кошт абумоўлены размяшчэннем СТ – побач з Менскам, з добрым прыродным асяроддзем, з сучаснымі інжынернымі сеткамі. Часта гэта новыя таварыствы з вялікімі надзеламі і шырокімі вуліцамі, агароджай па перыметры, шлагбаумамі на ўездзе і відэаназіраннем. Людзі будуюць тут дамы для сталага жыцця.

Напрыклад, у СТ «Палявы-2» каля Лапаровічаў, побач з Менскім морам, надзелы 14 сотак з вадой і газам каштуюць ад 37 200 даляраў.

Яшчэ ёсць СТ «Крылава-2012», якое знаходзіцца паміж двума вадасховішчамі Дзічкі і Крылова. Месца менш за ўсё падобнае на класічныя лецішчы – тут асфальт, святло, газ, цэнтральны водаправод, оптавалакно, вакол забудовы лясны масіў, ахаваная абгароджаная тэрыторыя з відэаназіраннем. 10 сотак тут каштуюць ад 40 тысячаў даляраў.
У «замкадных» СТ, якія знаходзяцца літаральна за кальцавой, надзелы таксама каштуюць нятанна. Напрыклад, у «Тэкстыльнік-1» 6,5 соткі з аварыйнай хатай прадаюць за 25 000 даляраў. Ёсць камунікацыі – газ, электрычнасць, вада. Электрычнасць заведзеная на надзел, СТ газіфікаванае.
У СТ «Заценьская крыніца», дзе ёсць газ, вада і электрычнасць, надзелы 6 сотак прадаюць за 30 тысячаў даляраў.