Прэзідэнтка Грузіі: РФ павінна вярнуць Абхазію і Паўднёвую Асецію ў рамках мірнай дамовы датычна Украіны
51- 1.02.2023, 19:32
- 15,968

ФОТА: AP
Зурабішвілі мяркуе, што Расея амаль пацярпела паразу ва Украіне.
Дэакупацыя грузінскіх тэрыторый, захопленых Расеяй, павінна адбыцца ў рамках мірных дамоўленасцяў, якія могуць быць дасягнутыя ў рамках заканчэння вайны РФ супраць Украіны. Пра гэта заявіла 1 лютага агенцтву Bloomberg прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі.
Кіраўніца дзяржавы мяркуе, што Расея павінна «вывучыць, дзе яе межы», і адмовіцца ад амаль 15-гадовай акупацыі тэрыторыі Грузіі (Абхазіі і Паўночнай Асеціі).
Зурабішвілі падкрэсліла, што падчас перамоваў пра мір «пытанні Грузіі павінны быць на стале» таксама, і РФ павінна адступіць з усіх акупаваных ёй тэрыторый.
Прэзідэнтка Грузіі заявіла, што «Расея ўжо практычна пацярпела паразу ў бітве» супраць Украіны, «калі не ва ўсёй вайне».
Паводле ейных словаў, Захад «зробіць яшчэ адну вялікую памылку», калі «ў рамках умоваў капітуляцыі» не запатрабуе ад Расеі поўнага вываду яе войскаў.